РФ паставіла ў Беларусь больш за 2500 тон боепрыпасаў і дзясяткі адзінак тэхнікі па чыгунцы
19- 5.10.2024, 16:59
- 25,208
За дзевяць месяцаў.
Стала вядома, што за 9 месяцаў гэтага года РФ паставіла ў Беларусь больш за 2500 тон боепрыпасаў, а таксама дзясяткі адзінак рознай вайсковай тэхнікі і камплектуючых. Паводле звестак «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», найбольш буйныя пастаўкі боепрыпасаў правялі на 2631-ю авіябазу ракетнага ўзбраення і боепрыпасаў (Прудок, Віцебская вобл).
Усяго ў ліпені-жніўні ў Прудок прыбылі 43 вагоны з боепрыпасамі, агульнай масай блізу 1 100 тон. Боепрыпасы туды адпраўляліся з:
- 12-га арсенала захоўвання авіяцыйных сродкаў паражэння ВПС РФ (станцыя Патрыкеева);
- 13-га арсенала Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўленне МА РФ (станцыя Котава);
- Аб'яднанага стратэгічнага камандавання ПВА (станцыі Марцава);
- 559-га гвардзейскага бамбавальна-авіяцыйнага палка (станцыя Марозаўская);
- 859-га цэнтра баявога прымянення і перавучвання лётнага складу марской авіяцыі ВМФ РФ (станцыя Ейск);
- АТ «Завод Пластмас» (станцыя Патаніна).
Вядома, што больш за ўсё вагонаў з боепрыпасамі ў Прудок было адпраўлена з 13-га арсенала МА РФ - 25 вагонаў з ракетным узбраеннем.
Акрамя гэтага, эшалоны з боепрыпасамі агульнай масай 1430 тон таксама прыбылі з РФ на беларускія станцыі Бобр (391-я артылерыйская база боепрыпасаў), Стоўбцы (25-ы арсенал ракетна-артылерыйскага ўзбраення) і Цэнтраліт (1393-я база).
Акрамя таго, на працягу 2024 года было і не менш як чатыры пастаўкі з тэхнікай і абсталяваннем вайсковага прызначэння з РФ. Так на станцыю Навабеліцкая прыбыло 6 вагонаў з артылерыйскай тэхнікай, на станцыю Азярышча - 6 вагонаў з аўтамабільнай і 7 вагонаў з гусенічнай тэхнікай, а на станцыю Ліда прыбыло 10 вагонаў з радыёлакацыйным абсталяваннем.