Дубайская авіякампанія Emirates Airlines забараніла пэйджары і рацыі
1- 5.10.2024, 19:20
- 1,806
Пасля нападаў у Ліване.
Дубайская авіякампанія Emirates Airlines забараніла пасажырам праносіць на борт пэйджары і рацыі. Гэта здарылася пасля таго, як у баевікоў «Хезбалы» ў верасні ў рамках нападу ўзарваліся прылады сувязі, паведамляе Reuters.
«Усім пасажырам, якія падарожнічаюць праз Дубай, забаронена перавозіць пэйджары і рацыі ў зарэгістраваным багажы або ручной паклажы. Любыя знойдзеныя забароненыя прадметы будуць канфіскаваныя паліцыяй Дубая ў рамках узмоцненых захадаў бяспекі», - гаворыцца на сайце авіякампаніі.
Найбуйнейшая авіякампанія Блізкага Усходу таксама дадала, што палёты ў Ірак і Іран будуць прыпынены да аўторка, а палёты ў Іарданію адновяцца ў нядзелю.
Акрамя таго, да 15 кастрычніка будуць прыпыненыя рэйсы ў Ліван праз эскалацыю нападаў Ізраіля на «Хезбалу», якая падтрымліваецца Іранам, уключаючы ўдары паблізу аэрапорта Бейрута.
Некалькі іншых авіякампаній таксама прыпынілі палёты ў Бейрут і іншыя аэрапорты на фоне абвастрэння сітуацыі.