У Расеі затрымалі вядомага прапагандыста «Трынаццатага»
9- 6.10.2024, 8:21
- 18,074
Пры затрыманні яго збілі.
У Новапаўлаўску, Стаўрапольскага краю РФ, 5 кастрычніка быў затрыманы блогер Ягор Гузенка, вядомы дзякуючы свайму правайсковаму тэлеграм-каналу «Трынаццаты». Ён звярнуўся да сваіх падпісчыкаў і расказаў, што пры затрыманні сілавікі ўжылі сілу.
Цяпер Гузенка знаходзіцца ў аддзеле МУС Кіраўскага раёна Новапаўлаўска. Аб прычынах затрымання ён пакуль не паведаміў, аднак зазначыў, што гэта адбылося падчас яго першага візіту ў родны горад. Ён таксама звярнуўся да сваіх падпісчыкаў прыйсці ў аддзел і падтрымаць яго.
У сетку трапіла відэа, на якім бачна, як трое паліцыянтаў паклалі блогера тварам да зямлі і надзелі кайданкі. Паводле папярэдніх звестак, Гузенка прыйшоў на канцэрт у гонар дня горада, надзеўшы маску, што магло стаць прычынай інцыдэнту.
Існуе некалькі версіяў прычын затрымання. Паводле інфармацыі Baza, на прапагандыста склалі пратакол за адмову прайсці медыцынскі агляд на наяўнасць наркотыкаў. У той жа час Mash сцвярджае, што інцыдэнт адбыўся пасля таго, як паліцыя папрасіла мужчыну зняць маску, а ён адказаў агрэсіяй, што прывяло да ягонага затрымання.
Паводле інфармацыі Shot, затрыманне можа быць звязанае са справай аб хуліганстве з выкарыстаннем зброі, праз якую Гузенка знаходзіцца ў вышуку з 2022 года. Сам Z-блогер раней расказваў, што справа была распачатая праз інцыдэнт у Санкт-Пецярбургу, калі ён нібыта заступіўся за дзяўчыну і стрэліў з аэразольнага пісталета ў мужчыну.