Бітва пад Кірхгольмам: гісторыя вялікай перамогі генія Хадкевіча
2- 6.10.2024, 8:15
- 2,182
Пасля гэтай бітвы ягонае імя стала вядомым усёй Еўропе.
Швэдскі кароль Карл IX у верасні 1605 года (падчас вайны з Рэччу Паспалітай) высадзіўся ў Лівоніі і з 14-тысячным войскам накіраваўся да Рыгі. Вялікі гетман літоўскі Ян Карл Хадкевіч не мог дапусціць узяцця швэдамі Лівонскай сталіцы і паспяшаўся да Рыгі, маючы ўсяго толькі трохтысячнае войска, піша vklby.com.
Неўзабаве абодва войскі дасягнулі горада і размясціліся ад яго на невялікай адлегласці. Хадкевіч спыніўся з войскамі ў дзвюх мілях ад Рыгі, каля вёскі Кірхгольм. Карл IX планаваў нанесці нечаканы ўдар і а гадзіне ночы з 26 на 27 верасня выступіў у баявым парадку на літоўскія войскі, спадзеючыся такім чынам неўзабаве расправіцца з імі. Але праліўны дождж перашкодзіў швэдам ажыццявіць свае планы, ды і Хадкевіч, які даведаўся ад выведчыкаў аб перамяшчэнні войскаў Карла, паспеў падняць войска і быў гатовы да абароны.
Бітва пачалася усё ж не ўначы, а на досвітку 27 верасня 1605 года. Карл IX сваё войска, якое складалася з 11 тысяч пяхоты (8500 капейшчыкаў і 2500 мушкецёраў) і 3 тысяч кавалерыі, паставіў на ўзвышшы ў два шэрагі, па цэнтры стаяла пяхота, а на флангах была конніца, тыл прыкрывала гвардыя са швэдскім каралём.
Хадкевіч падзяліў сваё войска на тры часткі: у цэнтры ён паставіў свой гетманскі полк пад камандаваннем Вінцэнта Войнэ, на левым флангу полк Томаша Дубровы з дзвюма сотнямі крылатых гусар і трыма татарскімі коннымі харугвамі, за якімі сталі лівонскія ландскнехты са сваімі ўзброенымі аглядамі, правы фланг узначаліў Ян Пётр Сапега, а сам Хадкевіч са сваім атрадам стаяў у засадзе.
Нават няўзброеным вокам было відаць, што сілы няроўныя, і тады, каб падняць баявы дух сваіх ваяроў, вялікі гетман літоўскі Ян Хадкевіч пайшоў на маленькую хітрасць. Гетман таемна вывеў усіх людзей з абозу, выдаў ім сцягі і паставіў у аддаленасці ад асноўных сваіх сіл, а па войску пусціў слых, што гэта прыбыў вялікі атрад з Літвы.
Першымі ў атаку рынуліся швэды, менавіта гэтага і чакаў Хадкевіч. Ён загадаў сваім ваярам бегчы, што яны па камандзе і зрабілі. Швэды, убачыўшы, што літоўскія войскі бягуць, страціўшы ўсякую асцярожнасць, рынуліся за імі і выйшлі проста на крылатых гусар Вінцэнта Войнэ, якія атакавалі швэдаў.
На левым флангу Томаш Дуброва, стрымліваючы атаку швэдскіх рэйтараў, падчас бою забіў люксембургскага герцага Фрэдэрыка. Без натхняльніка ваяроў у шэрагах пачалася сумятня, і, уласна, зыход бою быў прадвызначаны на карысць літвінаў. На правым флангу швэды змагаліся з гусарамі і казакамі Яна Сапегі, і, дзякуючы своечасова пасланай Хадкевічам падмозе, Сапегу ўдалося ўзяць верх над супраціўнікам.
А ў гэты час у самым цэнтры кіпеў крывавы бой, менавіта там і знаходзіўся гетман Ян Хадкевіч, рызыкуючы сваім жыццём не менш, чым хтосьці іншы з ягоных ваеўнікоў. Ён мог нават загінуць: адзін з рэйтараў, прыняўшы ад'ютанта гетмана за самога Хадкевіча, стрэлам забіў яго напавал, за што тут жа расплаціўся ўласным жыццём - быў засечаны рукой самога Яна Хадкевіча.
Праз тры гадзіны пасля пачатку бою швэды былі зламаныя, а іх конніца падчас адступлення растаптала ўласную пяхоту. Сам Карл IX быў паранены і ледзь не трапіў у палон, яго выратаваў адзін са швэдскіх ваеўнікоў, які аддаў каралю свайго каня, той даскакаў да берага, дзе яго чакаў флот, і, пасля таго як швэдскі кароль падняўся на борт, тут жа аддаў загад адплыць сваёй эскадры.
У бітве пад Кірхгольмам швэды пацярпелі поўную паразу, яны страцілі прыблізна ад 5 да 9 тысяч жаўнераў забітымі, палоннымі і тымі, хто патануў у Дзвіне пры спробе ўцёкаў. Было захоплена 60 швэдскіх сцягоў і 11 гармат. Страты Хадкевіча былі нязначнымі, крыху больш за сто чалавек забітымі і дзвесце параненымі.
Пасля перамогі ВКЛ у бітве пад Кірхгольмам было ўкладзенае замірэнне на 3 гады, швэдскі кароль вярнуўся назад на радзіму і на час забыўся пра дамаганні на Лівонію, а слаўнае імя вялікага гетмана літоўскага яна Карла Хадкевіча стала вядомым усёй Еўропе.