NYT: Трамп у 2017 годзе прасіў у Пуціна парады наконт Украіны
33- 6.10.2024, 11:50
- 12,338
Сталі вядомыя падрабязнасці.
Дональд Трамп у 2017 годзе пытаўся ва Уладзіміра Пуціна парады што да Украіны, і Пуціну ўдалося схіліць меркаванне Трампа на свой бок.
Як піша The New York Times, спасылаючыся на свае крыніцы, 28 студзеня 2017 года падчас першай тэлефоннай размовы з Пуціным за час свайго прэзідэнцтва Трамп першым узняў пытанне аб Украіне, папрасіўшы Пуціна выказаць сваё меркаванне:
«Расейскі прэзідэнт скарыстаўся гэтым. Ён пусціўся ў вялізны маналог аб карупцыі ва Украіне. Трамп быў стрыманы ў сваім адказе, не згаджаючыся з Пуціным і не абараняючы Украіну, але ён прызнаў, што спрэчка Расеі з Украінай з'яўляецца перашкодай для яго мэты - паляпшэння стасункаў з Масквой».
У той жа дзень канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель паспрабавала данесці да Трампа іншы пункт гледжання на Украіну, расказаўшы пра тое, як важна, каб падтрымка Украіны працягвалася, і пра тое, як неабходна стрымліваць расейскую агрэсію ва Украіне.
Аднак як паведамляе крыніца, якая прысутнічала пры размове, Трамп праігнараваў яе меркаванне і абарваў размову. «Вялікі дзякуй, і да спаткання», - сказаў Трамп.
З падачы Пуціна, які заявіў, што Украіна спрабавала дапамагчы Хілары Клінтан на выбарах, Трамп пачаў прасоўваць тэорыю змовы аб умяшанні Украіны ў выбары ў ЗША. А падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у траўні 2017 года Трамп абмяркоўваў з ім сувязь паміж Украінай і Клінтан, і засыпаў Лаўрова пытаннямі аб сувязях паміж украінскімі чыноўнікамі і амерыканскімі дэмакратамі, піша NYT.
Пры гэтым па меры таго, як нарастала незадаволенасць Трампа Украінай, некаторыя яго дарадцы спрабавалі пераканаць яго, што менавіта Расея, а не Украіна, умешвалася ў выбары 2016 года, піша NYT, аднак, відавочна, Трамп да іх не прыслухаўся.
Падчас сустрэчы з Пуціным у Гамбургу ў ліпені 2017 года Трамп, які днём раней у сваёй прамове заявіў, што Расея павінна «спыніць сваю дэстабілізуючую дзейнасць ва Украіне», зноў паддаўся на маніпуляцыі расейскага прэзідэнта.
Адзначаецца, што Пуцін прывёў аргументы на карысць таго, што ён абавязаны абараняць расейскамоўных жыхароў на ўсходзе Украіны ад «этнічных чыстак». Пры гэтым ён правёў аналогію з прэзідэнтам Тэадорам Рузвельтам у 1904 годзе і ўмяшаннем Амерыкі ва ўнутраныя справы лацінаамерыканскіх краін.
Як адзначыла Фіёна Хіл, старэйшая супрацоўніца Рады нацыянальнай бяспекі Трампа, Пуцін, хутчэй за ўсё, згадаў Рузвельта на сустрэчы, «бо ведаў, што спадар Трамп зацыклены на былым прэзідэнце-«сілавіку».