Прэзідэнт Эстоніі заклікаў зламаць «сцяну абмежаванняў» для Украіны
4- 7.10.2024, 18:11
- 1,830
Алар Карыс параўнаў абмежаванні на выкарыстанне Кіевам дальнабойнай зброі для ўдараў па РФ з Берлінскім мурам.
Эстонскі прэзідэнт Алар Карыс у артыкуле для Politico правёў аналогію паміж Берлінскім мурам і абмежаваннямі Захаду на выкарыстанне Украінай дальнабойнай зброі для ўдараў па Расеі.
«Мы забаранілі краіне абстрэльваць вайсковыя базы і аб'екты на тэрыторыі Расеі, якія з'яўляюцца крыніцай ракетных удараў. <...> Гэтыя абмежаванні несправядлівыя, амаральныя і шкодныя. Ужываючы іх, мы ўзводзім мур, за якім, з аднаго боку, мы доблесна дапамагаем Украіне, а з другога - перашкаджаем поўнаму выкарыстанню нашай уласнай дапамогі», - заявіў прэзідэнт Эстоніі.
Ён успомніў заклік прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана ў 1987 годзе да зносу Берлінскага мура і, перафразуючы яго словы, заклікаў разбурыць «сцяну абмежаванняў».
Са слоў Карыса, асцярогі з нагоды таго, што зняцце абмежаванняў на выкарыстанне дальнабойнай зброі Украінай прывядзе да эскалацыі, «неапраўданыя».