Контрнаступ УСУ-2025: вайсковы экспэрт раскрыў сцэнар
2- 8.10.2024, 11:04
- 3,134
Украінскае камандаванне зробіць выснову з памылак 2023 года.
У выпадку, калі Узброеныя сілы Украіны атрымаюць дастаткова заходняй зброі і тэхнікі разам з дазволам на нанясенне ўдараў па вайсковых аб'ектах Расеі, якія размешчаныя далёка за мяжой, то ў 2025 годзе змогуць правесці новы контрнаступ. Гэтая аперацыя можа мець два сцэнары, распавёў у эфіры Radio NV кіраўнік Цэнтра вайскова-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка.
Ён адзначыў, што магчымасць контрнаступу з'явіцца толькі пры наяўнасці дастатковай колькасці ўзбраення ад партнёраў. Калі Украіна не атрымае неабходнай зброі, то баявыя дзеянні звядуцца да пазіцыйнай вайны з пагрозай яе замарожвання ў пэўны перыяд часу.
Мусіенка выказаў надзею, што ўкраінскае камандаванне не паўторыць памылкі 2023 года, калі Сілы абароны атакавалі адразу на некалькіх адцінках, выкарыстаўшы пры гэтым усе існыя рэзервы. Аналітык называе такі сцэнар "або пан або прапаў".
Канчатковы прагноз наконт гэтага варыянту можна будзе рабіць пасля сустрэчы ў Рамштайне, калі Украіна даведаецца, якія менавіта пакеты вайсковай дапамогі плануюцца і ў якія тэрміны іх дадуць, зазначыў экспэрт.
Другім сцэнаром контрнаступу можа быць спроба палепшыць тактычнае становішча нашых войск.
«Яно скончыцца прасоўваннем нашых войскаў на некалькі кіламетраў углыб варожай тэрыторыі на некалькіх кірунках. Можам рушыць наперад у глыбіню на дзясяткі кіламетраў і вызваліць тэрыторыі, але пры гэтым рызыкі таксама вельмі вялікія», — адзначыў Аляксандр Мусіенка, не выключаючы, што гэты варыянт не атрымаецца рэалізаваць.