Францыя рыхтуе перакідванне войскаў на ўсходні фланг NАТО
5- 8.10.2024, 12:35
- 2,858
На выпадак нападу Расеі.
Заходнія краіны сур'ёзна рыхтуюцца да адбіцця магчымай агрэсіі Расеі. Францыя ў наступным годзе правядзе вучэнні для перакідвання войскаў у Румынію за 10 дзён, распавялі Politico французскія вайскоўцы.
У траўні 2025 г. французскія салдаты возьмуць удзел у маштабных ваенных вучэннях у Румыніі, падчас якіх будзе адпрацоўвацца здольнасць краін NАТО хутка разгарнуць войскі на ўсходнім флангу альянсу, калі Уладзімір Пуцін надумае напасці на кагосьці з яго чальцоў.
Такія вучэнні паслужаць «стратэгічным сігналам», заявіў камандзір наземным войскам у Еўропе генерал Бертран Тужус: «Раней мы гулялі ў вайну. Цяпер у нас ёсць дакладна вызначаны вораг, і мы трэніруемся з людзьмі, з якімі сапраўды будзем ваяваць».
Згодна з новымі мэтамі NАТО, да 2027 г. французскае войска павінна быць гатовае за месяц разгарнуць баяздольную дывізію, уключаючы тэхніку, боепрыпасы і забеспячэнне. Дывізія можа налічваць ад 10 да 25 тысяч чалавек.
Важным крокам на шляху да гэтай мэты стануць вучэнні ў Румыніі, куды мяркуецца за 10 дзён перакінуць гатовую ўступіць у бой брыгаду (3-5 тысяч чалавек), растлумачылі прадстаўнікі вайсковагаа кіраўніцтва Францыі. Для гэтага неабходна пераадолець мноства складанасцяў бюракратычнага і тэхнічнага характару. "Вайсковага шэнгену ўсё яшчэ няма, мабільнасць войскаў у Еўропе неабходна смела паляпшаць", - сказаў намеснік Тужуса генерал П'ер-Эрык Гіё.
Мытныя абмежаванні не дазваляюць бесперашкодна дастаўляць вайсковую тэхніку з адной еўрапейскай краіны ў іншую, не ўсе цягнікі і чыгуначныя пуці прыстасаваныя для перавозкі вайсковай тэхнікі. Шматлікія складанасці такога кшталту былі выяўлены падчас першай спробы перабазаваць французскіх салдат у Румынію ў 2022 г. Краіны працуюць над ухіленнем гэтых праблем. У лютым Польшча, Нямеччына і Нідэрланды падпісалі пагадненне аб “вайсковым шэнгене”, закліканае спрасціць транспартаванне ваенных грузаў праз межы.
"Мы дабіліся вялікага прагрэсу ў дыверсіфікацыі маршрутаў", - сказаў журналістам Гіё. Паводле ягоных слоў, раней французскія вайскоўцы спадзяваліся толькі на цягнікі, але зараз перакідваюць войскі і тэхніку на грузавіках і рачных суднах, часам камбінуючы розныя спосабы транспартавання.