Forbes: Магчыма, гэта будзе самая вялікая ганьба расейскіх ВПС
17- 8.10.2024, 16:48
- 42,302
Пасля падзення робата С-70 «Паляўнічы» ў расейцаў пачалася паніка.
Збіццё ўласнага зусім новага беспілотніка, калі той выйшаў з-пад кантролю над Украінай, можа стаць адной з самых вялікіх ганьбаў, калі-небудзь перажытых расейскімі ВПС.
«Але можа быць і яшчэ горш», – пішуць журналісты амерыканскага Forbes.
С-70 «Паляўнічы» быў прататыпам баявога стэлс-беспілотніка, прызначанага для працы ў пары з новым знішчальнікам «Су-57». Пасля таго, як С-70 быў збіты Су-57, які суправаджаў яго, расейцы выпусцілі па месцы падзення ракету «Іскандэр», каб знішчыць абломкі С-70. Але фота паказваюць, што задоўга да ракетнага ўдару ўкраінцы ўжо забралі ключавыя кампаненты для аналізу.
Гэты аналіз, імаверна, будзе вельмі няёмкім для расейцаў, але, магчыма, не з тых прычын, якія вы маглі б чакаць.
Ёсць некалькі прычын, з якіх расейцы хацелі б перашкодзіць Захаду ўбачыць абломкі беспілотніка.
Найменш імаверна, што NATO атрымае тэхналогію, якую зможа перапрацаваць і выкарыстоўваць у сваіх уласных самалётах. Ніхто сур'ёзна не ўважае, нібы Расея лідаруе ў гэтай галіне, і нават аптымістычныя заявы аб Су-57 паказваюць, што ён значна менш малазаўважны, чым заходнія самалёты.
Больш істотнай з'яўляецца рызыка таго, што заходнія інжынеры могуць даведацца, для адлюстравання хваль якой даўжыні і пад якімі кутамі распрацаваны С-70 і на якіх хвалях ён усё яшчэ будзе бачны. Гэтая інфармацыя можа ў некаторай ступені звесці на нішто магчымасці С-70 для забеспячэння стоенасці. Улічваючы, што гэта адносна вялікі, павольны і дарагі беспілотнік, калі яго стоенасць будзе парушаная, ён стане нашмат менш карысным.
Яшчэ больш сур'ёзным з'яўляецца той факт, што С-70 быў распрацаваны адначасова з Су-57, расейскім баявым самалётам новага пакалення, і, хутчэй за ўсё, у ім выкарыстоўваюцца тыя ж матэрыялы і тэхналогіі. Калі Захад зможа ўбачыць, як працуе «стэлс» С-70, ён зможа атрымаць даволі добрае ўяўленне, як перамагчы і Су-57.
Але ёсць і больш імавернае тлумачэнне таго, што насамрэч спрабуюць схаваць расейцы: гэта тое, што «кароль голы» і іх стэлс-тэхналогіі не існуе.
Магчыма, расейскае кіраўніцтва вось-вось даведаецца, што іх дарагі і разрэкламаваны беспілотнік-невідзімка насамрэч зусім не стэлс. І даведаюцца яны пра гэта, прачытаўшы ў СМІ.