«Аб'ект 2-га класа»: названыя важныя дэталі ўдару УСУ па арсенале ГРАУ РФ у Бранскай вобласці
2- 9.10.2024, 16:41
- 11,750
Там маглі знаходзіцца КАБы і набоі ад КНДР.
Уначы Украіна знішчыла ўжо трэці па ліку арсенал Галоўнай ракетна-артылерыйскай управы (ГРАУ) Мінабароны Расеі. На гэты раз пад удар трапіў 67-ы арсенал у Бранскай вобласці - вельмі абаронены склад войска Расеі.
Аб гэтым на сваёй Х-старонцы піша OSINT-даследчык Daniele.
Эксперт прааналізаваў спадарожнікавыя здымкі знішчанага арсенала і прыйшоў да высновы, што ён належаў да 2-га класа па ўзроўні бяспекі. Усяго ва Узброеных сіл РФ тры класы, прычым 3-ці клас - самыя ўмацаваныя і абароненыя склады, а 1-ы - самыя слабыя ў плане інжынернага абсталявання.
«67-ы арсенал ГРАУ мы класіфікуем як склад 2-га класа. Ён у асноўным абсталяваны будынкамі савецкай эпохі і старымі сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ)», - распавёў OSINT-даследчык.
На мапах, акрамя савецкіх РЭБ (выдзелены чырвоным), эксперт таксама выявіў вялікую колькасць боепрыпасаў, размешчаных пад адкрытым небам (выдзеленым зялёным), некалькі надземных хованак (выдзелены блакітным) і неўмацаваныя склады без сцен (бэзавы колер) для абароны ад надвор'я.
OSINT-эксперт звярнуў увагу на тое, што Украіна пакуль наносіла ўдары па аб'ектах 2-га і 3-га класаў, якія ўважаюцца за найбольш абароненыя. Аднак хованкі не выратавалі гэтыя аб'екты ад поўнага знішчэння.
Пры гэтым у 500-кіламетровай зоне ад Украіны прыкладна 70% складоў УС РФ належаць да першага, самага слабога класа абароны. Гэта азначае, што знішчыць іх будзе значна прасцей.
Які аб'ём узбраення Украіне ўдалося знішчыць пры ўдары па 67-му арсеналу ГРАУ, на гэты момант невядома. Аднак, мяркуючы па кадрах з месца здарэння, там захоўвалася вялікая колькасць набояў войска Расеі. Кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Украіны Андрэй Каваленка паведаміў, што сярод іншага там знаходзіліся КАБы і паўночнакарэйскія боепрыпасы.