Украіна і Харватыя падпісалі пагадненне аб бяспецы
- 9.10.2024, 17:28
- 1,378
Пра што дамовіліся.
Украіна і Харватыя ўклалі пагадненне аб доўгатэрміновай падтрымцы і супрацоўніцтве. Яго падпісалі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэм'ер Харватыі Андрэй Плянкавіч.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Офіс Зяленскага.
Пагадненне з Харватыяй, як і іншыя пагадненні аб бяспецы Украіны, будзе дзейнічаць цягам 10 гадоў. Гэтым пагадненнем Харватыя замацоўвае свой абавязак падтрымліваць Украіну да перамогі ў вайне.
Сярод іншага размова ідзе аб супрацоўніцтве паміж абаронна-прамысловымі комплексамі дзвюх краін, перспектывах супольнай абароннай вытворчасці і лакалізацыі праектаў ва Украіне. Краіны таксама будуць вывучаць магчымасці ўмацавання ўзаемадзеяння ў сферы лічбавай устойлівасці і кібербяспекі і абменьвацца выведвальнымі звесткамі.
Важна таксама гуманітарнае размінаванне. Харватыя выдзеліла на гэты кірунак ужо больш за 10 млн еўраў, працягне перадаваць абсталяванне і дзяліцца ведамі.
У пагадненні гаворыцца таксама аб сферах супрацьміннай дзейнасці, доглядзе за ветэранамі і судовым пераследзе за цяжкія злачынствы, бо Харватыя мае свой досвед, звязаны з вайной.
Таксама ў пагадненні змяшчаюцца пункты, якія датычацца дапамогі ў гуманітарнай, энэргетычнай, прававой і навуковай сферах. Акрамя таго, Харватыя будзе садзейнічаць прыцягненню Расеі да адказнасці, кампенсацыі шкоды, прычыненай агрэсіяй, і будзе садзейнічаць санкцыйнаму ціску. Харватыя абавязваецца падтрымліваць уступленне Украіны ў ЕЗ і НАТА.
Нагадаем, што Харватыя дапамагае Украіне ад пачатку расейскай агрэсіі ў 2014 годзе. Агульная сума дапамогі з лютага 2022 года складае амаль 300 млн еўраў, краіна перадала 11 абаронных пакетаў.
Варта дадаць, што Украіна ўжо падпісала пагадненні аб бяспецы з больш як 20 краінамі, сярод якіх ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя, Нідэрланды і іншыя еўрапейскія дзяржавы.