Новы прэм'ер Японіі распусціў парламент
- 9.10.2024, 18:02
- 1,156
Выбары прызначаныя на 27 кастрычніка.
Новы прэм'ер-міністр Японіі Сігэру Ісіба распусціў ніжнюю палату парламента. Датэрміновыя выбары пройдуць 27 кастрычніка. Пра гэта паведамляе агенцтва «Кіёда Цусін».
Роспуск палаты - канстытуцыйнае права кіраўніка ўрада. Ён скарыстаўся ім праз восем дзён пасля ўступлення на пасаду. Так хутка ў пасляваеннай Японіі парламент яшчэ не распускалі, зазначае агенцтва.
На сустрэчы з лідарамі парламенцкай апазіцыі Ісіба патлумачыў пастанову жаданнем атрымаць наўпроставую адзнаку ад выбарцаў. Апазіцыя абвінаваціла яго ў спробе адцягнуць увагу ад скандалу з нямэтавым выдаткоўваннем сродкаў вакол кіроўнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі, які прывёў да адстаўкі папярэдняга прэм'ер-міністра.
У распушчаным парламенце Ліберальна-дэмакратычная партыя кантралявала 256 месцаў з 465. Яшчэ 32 крэслы належаць яе хаўрусніку па кіроўнай кааліцыі, правацэнтрысцкай Партыі чыстай палітыкі («Камэйта»).