1 лiстапада 2024, Пятніца, 22:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У РПЦ заклікалі не браць на працу халастых мужчынаў

16
У РПЦ заклікалі не браць на працу халастых мужчынаў

А таксама разведзеных.

Прызначэнне халастых і разведзеных мужчынаў на розныя пасады ў расейскіх кампаніях «не павінна станавіцца нормай», заявіў намеснік старшыні сінадальнага аддзела Маскоўскага патрыярхату РПЦ ва ўзаемаадносінах царквы з грамадствам і СМІ Вахтанг Кіпшыдзэ. У размове з «Газетай.Ru» ён адзначыў, што супрацоўнікі і кіраўнікі абавязаныя мець свае сем'і, хоць і прызнаў, што годныя кандыдаты ёсць сярод любых катэгорый грамадзянаў.

«Сацыяльная норма – гэта сямейны статус і для кіраўніка, і для супрацоўнікаў. <…> Нормай павінен быць сямейны статус. Развод не павінен быць штодзённасцю, якім ён, на жаль, стаў у нашым грамадстве. Калі мы хочам перамясціцца ў парадыгму “традыцыйных каштоўнасцяў”, то развод павінен разглядацца як трагедыя», – сказаў ён. Таксама, на думку Кіпшыдзэ, мужчыны не павінны заводзіць раманы на працы. Замест гэтага яны абавязаныя «браць на сябе адказнасць за стварэнне сем'яў», удакладніў ён.

Прадстаўнікі РПЦ у апошні час адзначыліся шэрагам неадназначных заяваў. Напрыклад, раней у Расейскай праваслаўнай царкве падтрымалі прапанову выключэння тэорыі эвалюцыі Чарльза Дарвіна са школьнай праграмы, агучаную памочнікам старшыні ўраду і экс-прэм'ерам Чачні Муслімам Хучыевым. Патрыярх Кірыл заклікаў расейскія ўлады абмежаваць колькасць забаўляльных мерапрыемстваў і тэлевізійных перадачаў, а расейцам, якія ўдзельнічаюць ва ўварванні ва Украіну, ён абяцаў «вечнае жыццё» ў выпадку гібелі на полі бою.

Прапанова РПЦ абмяжоўваць кар'ерныя магчымасці халастых і разведзеных адлюстроўвае новы курс расейскіх уладаў, накіраваны на павышэнне крытычна нізкага ўзроўню нараджальнасці ў краіне. У лютым Уладзімір Пуцін, які скасаваў свой шлюб больш за дзесяць гадоў таму, анансаваў нацыянальны праект «Сям'я», у рамках якога прапануецца зрабіць шматдзетнасць у Расеі нормай. Прэзідэнт падкрэсліваў, што «дэмаграфічныя выклікі» немагчыма развязаць толькі фінансаваннем і льготамі – для гэтага, на ягоную думку, патрэбныя і адпаведныя «жыццёвыя арыенціры». Ён заклікаў расейцаў браць прыклад са сваіх продкаў, якія «нараджалі восем дзяцей».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках