Расейскія чыноўнікі пахвалілі настаўнікаў, якія на загад беларуса надзелі каўпакі з фольгі
13- 10.11.2024, 15:58
- 12,814
Шаломы для абароны ад NATO «выглядалі вельмі пераканаўча».
Міністэрства адукацыі Варонежскай вобласці РФ афіцыйна пракаментавала пранк беларускага акцыяніста Уладзіслава Бохана над мясцовымі настаўнікамі, паведамляе «Наша Нiва».
Бохан ад імя «Адзінай Расіі» даручыў расейскім настаўнікам вырабіць каўпакі з фольгі для абароны ад «апрамянення спадарожнікамі NATO». Педагогі заданне выканалі.
Чыноўнікі ад адукацыі ў тэлеграм-канале ведамства настаўнікаў за гэта пахвалілі.
«Педагогі ў чарговы раз прадэманстравалі свой патрыятычны настрой, высокую стараннасць і крэатыўны падыход да ўсякай задачы («шаломы» з фольгі глядзяцца вельмі пераканаўча)», - заявілі ў міністэрстве.
Пры гэтым чыноўнікаў крыху знервавала, што настаўнікі не змаглі распазнаць пранк.
«З іншага - вядома, расчаравала, што яны не змаглі адрозніць сапраўдную партыйную ініцыятыву ад недарэчнага жарту. Мяркуем, гэта збольшага звязана з асаблівай увагай да бяспекі грамадзян у рэгіёне - нават у гэтым жарце асцярожныя педагогі надумалі знайсці долю праўды», - гаворыцца ў паведамленні.
У міністэрстве адзначылі, што настаўнікам ужо патлумачылі правілы інфармацыйнай бяспекі. А аўтары найбольш удалых «шаломаў», як заяўляецца, высвятляюць адрас пранкера, каб накіраваць яму свае вырабы.
Чыноўнікі выказалі надзею, што ў настаўнікаў не будзе праблем праз выкарыстанне сімволікі «Адзінай Расіі».