У Валенсіі прайшлі масавыя пратэсты
2- 10.11.2024, 16:34
- 2,890
Удзельнікі патрабуюць адстаўкі кіраўніка рэгіёну.
У Валенсіі тысячы людзей выйшлі на вуліцы, каб выказаць пратэст супраць нездавальняльнай рэакцыі мясцовых уладаў на моцную паводку, якая закранула ўсходнія рэгіёны Гішпаніі. Як паведамляе Sky News, акцыю пратэсту арганізавалі блізу 20 грамадскіх арганізацый, аб'яднаных агульнай мэтай.
Удзельнікі патрабуюць адстаўкі рэгіянальнага лідара Карласа Масона, вінавацячы яго ў тым, што ён не апавясціў жыхароў пра шторм своечасова. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ў дзень пачатку шторму шмат хто не атрымаў сігнал трывогі на свае мабільныя тэлефоны.
Дзяржаўнае агенцтва AEMET выдала «чырвонае» папярэджанне ў 07:31, аднак улады рэгіёну пазней заявілі, што шторм сціхае, і нават выдалілі гэтае паведамленне. Толькі ў 20:15, калі бура ўжо дасягнула свайго піку і шмат хто вяртаўся з працы, грамадзяне атрымалі папярэджанне на тэлефоны.
Паводле словаў эксперта гідралогіі Аны Камарасы-Бельмонтэ з Універсітэта Валенсіі, калі б папярэджанне было зробленае своечасова, можна было б унікнуць стратаў сярод людзей.