Ваенны аналітык расказаў пра планы УСУ ў Курскай вобласці РФ
2- 10.11.2024, 21:08
- 6,640
«Занадта каштоўны прыз».
Эксперт украінскага ваеннага інфармацыйнага партала Defence Express Іван Кірычэўскі расказаў, ці будзе ў найбліжэйшы час вывад падраздзяленняў Узброеных сілаў Украіны з Курскай вобласці Расеі ці не.
Свой прагноз ён агучыў у эфіры «Тэлеграфа». Адказваючы на пытанне журналіста Мікіты Міхалёва, Кірычэўскі заявіў, што цяпер гэты працэс не назіраецца.
Паводле ягоных словаў, калі б Сілы абароны Украіны рыхтаваліся да выхаду з Курскай вобласці, то яны адступілі б за расейска-ўкраінскую мяжу.
«Нават калі зыходзіць з актуальных паведамленняў, якія прыводзяцца OSINT-рэсурсам DeepState, то калі б нашыя войскі рыхтаваліся звярнуць аперацыю на Куршчыне, яны адтуль адыходзілі б, а не адбівалі б флангавы ўдар, які расейцы паспрабавалі нанесці 7 лістапада. Але гэты флангавы ўдар быў заблакаваны», – заявіў Кірычэўскі.
Ён дадаў, што рэйд у Курскую вобласць з'яўляецца «занадта каштоўным прызам» для Украіны, каб ад яго адмовіцца.
«Сама сабой гістарычная магчымасць весці адкрытыя баявыя дзеянні на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі пад сваім сцягам, чаго з часоў Другой сусветнай вайны ніхто не здзяйсняў, – гэта занадта каштоўны прыз, каб ад яго адмовіцца. А людзі, якія чытаюць паведамленні розных каментатараў, магчыма, марнуюць свой час не на тое, што трэба», – падкрэсліў аналітык.