CNN: Дзяржсакратаром ЗША можа стаць «ястраб»
5- 12.11.2024, 10:51
- 8,058
Яго прызначэнне не будзе даспадобы дыктатарам.
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, відавочна, абярэ сенатара ад штата Фларыды Марка Рубіё на пасаду дзяржсакратара, паведамляе 11 лістапада CNN са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.
Паводле слоў аднаго з іх, раней меркавалася, што Трамп схіляецца да кандыдатуры былога амбасадара ЗША ў Нямеччыне і былога в.а.
Аднак, як сказала другая крыніца, пакуль прапанова Рубіё не зроблена афіцыйна, Трамп можа перадумаць.
Паколькі Трамп, хутчэй за ўсё, абярэ Рубіё кіраўніком Дзярждэпа, а дарадцам у нацыянальнай бяспецы, са звестак CNN, стане яшчэ адзін “ястраб” у пытаннях Кітая – чалец Палаты прадстаўнікоў ад Фларыды Майк Уолтц – то гэта будзе сведчыць аб гатоўнасці абранага прэзідэнта ЗША абвастрыць стасункі з КНР.
Рубіё, які раней прэтэндаваў на пасаду віцэ-прэзідэнта ЗША, даў зразумець, што зацікаўлены ў магчымым далучэнні да кабінета Трампа, калі гаворка ідзе аб прыдатнай ролі, паведамілі CNN некалькі інфармаваных крыніц.
Улічваючы яго глыбокі досвед у галіне замежнай палітыкі, а таксама тое, што Рубіё ўваходзіць як у камітэт Сэната у пытаннях выведкі, так і ў камітэт у міжнародных дачыненняў, Дзярждэпартамент здаўся яму прыдатным месцам. Акрамя таго, ён ураджэнец Фларыды і падтрымлівае шчыльныя стасункі з новай кіраўніцай апарата Трампа Сьюзэн Уайлс.
Прадстаўнік Рубіё адмовіўся ад каментароў у пытанні яго магчымага прызначэння.
Марка Рубіё займаецца палітыкай з 1993 года — і практычна ўся ягоная кар'ера звязаная са штатам Фларыда. У 1998 годзе абраны ў гарадскую ўправу Заходняга Маямі, у 1999 - у Палату прадстаўнікоў Фларыды ад Рэспубліканскай партыі. У 2003-2006 гадах быў у Палаце лідарам большасці, у 2006-2008 - спікерам. У 2010 годзе перамог на выбарах у Сэнат ЗША ад штата Фларыда і з тых займае крэсла сэнатара.
У 2016 годзе браў удзел у праймерыз Рэспубліканскай партыі ў рамках выбару прэзідэнта ЗША і пасля галасавання ў кокусах у штаце Аёва заняў трэцяе месца 23% галасоў пасля Дональда Трампа (24%) і Тэда Круза (28%). Але пасля паразы ў родным штаце Фларыда, зняў кандыдатуру.
У 2016 годзе здавалася, што стасункі Рубіё і Трампа сапсаваліся канчаткова, калі той публічна абрынуўся на Трампа і заяўляў, што той не збіраецца "рабіць Амерыку вялікай, а збіраецца зрабіць Амерыку аранжавай" (з намёкам на звычку таго пастаянна выкарыстоўваць аўтазагар), высмейваў памер рук Трамп і называў яго «ашуканцам», якія імкнуцца захапіць уладу ў Рэспубліканскай партыі. Але з таго часу стасункі Рубіё і Трампа не толькі адтаялі, але і ўмацаваліся, удакладнілі ў CNN.