Forbes: Тайвань дапамог пераўзброіць украінскую СПА
3- 12.11.2024, 11:07
- 8,126
Буйная партыя HAWK развязала крызіс.
Без асаблівай агалоскі Тайвань, магчыма, стаў адным з найбуйнейшых памочнікаў ВПС Украіны. Былы чыноўнік Пентагона Тоні Ху расказаў, што Тайвань перадаў украінскім вайскоўцам свае лішкі зэнітна-ракетных батарэй HAWK.
Як піша Forbes, каментары Ху пацвярджаюць папярэднія заявы аб угодзе паміж Украінай і Тайванем пры пасярэдніцтве ЗША. Указваецца, што тайваньскія ракеты MIM-23 Homing All-the-Way Killer, а таксама іх пускавыя ўстаноўкі і радары дапоўняць дадатковыя HAWK, падораныя Украіне Злучанымі Штатамі і Гішпаніяй.
Цяпер УСУ могуць разгарнуць да 15 батарэй вытворчасці Raytheon HAWK, кожная з якіх мае не менш за шэсць пускавых установак з трыма ракетамі і звязаныя з імі радары. У пачатку поўнамаштабнай вайны Кіеў меў блізу 50 батарэй ЗРК - у асноўным С-300 і іншыя савецкія мадэлі. З падлікаў выдання, HAWK могуць складаць траціну ўзбраення ўкраінскіх сіл супрацьпаветранай абароны.
Хоць гэтаму віду ўзбраення ўжо больш за 60 гадоў, ён просты, надзейны і высокамабільны. HAWK лёгка мадэрнізаваць і ён выдатна працуе супраць больш павольных дронаў, крылатых ракет і пілатаваных лятальных апаратаў. Акрамя таго, яго боепрыпас сумяшчальны з амерыканска-нарвэжскай зэнітна-ракетнай сістэмай NASAMS, якая таксама ёсць у Украіны.
Улетку мінулага года афіцыйныя асобы ЗША вялі перамовы са сваімі калегамі на Тайвані аб выкупе блізу тузіна батарэй HAWK з усяго каля сотні пускавых усталёвак, якія тайваньскія сілы пачалі выводзіць з эксплуатацыі яшчэ ў 2015 годзе.
Тады вялікая партыя HAWK павінна была дапамагчы Кіеву развязаць наспелы крызіс, бо Сілы СПА Украіны рухаліся да непазбежнага вычарпання запасаў ракет для С-300 і батарэй ЗРК «Бук». З тых часоў Украіна інтэгравала ў свой паветраны шчыт шырокі спектр замежных ракет, пускавых установак і радараў.
«Чым больш розных сістэм ЗРК эксплуатуе Украіна, тым больш розных ракетных запасаў і вытворчых ліній яна можа выкарыстоўваць, каб узброіць гэтыя сістэмы, якія замяняюцца ракетамі, калі яны адбіваюць амаль штодзённыя расейскія ракеты і беспілотнікі. Дзясяткі краін выкарыстоўваюць або эксплуатуюць батарэі HAWK. Украіна павінна мець магчымасць пастаўляць сотні ракет з прамым удзелам ЗША ці без яго», - адзначае Forbes.
Як дадаецца, HAWK не ў тым жа класе, што і лепшы ўкраінскі ЗРК "Патрыёт", які мае радыус дзеяння да 160 км з бартавой радыёлакацыйнай сістэмай саманавядзення. HAWK можа біць на адлегласць да 50 км або каля таго, наводзячыся на энэргію ад наземнага радара, якая адбіваецца ад паветранай цэлі.
Галоўнай хібай гэтай сістэмы з'яўляецца тое, што яе радар адчувальны да перашкод. Аднак гэта можна развязаць, калі інтэграваць старыя ракеты і пускавыя ўстаноўкі да лепшага радара ад NASAMS.