У Літве адкрыюць інфармацыйны цэнтр Рады Еўропы для беларусаў
2- 13.11.2024, 15:24
- 4,122
Чым ён будзе займацца?
У Вільні адкрыецца інфармацыйны цэнтр Рады Еўропы для беларусаў. Такая дамова 13 лістапада была падпісаная паміж гэтай арганізацыяй і ўрадам Літвы, паведамляе «Зеркало» са спасылкай на сайт Рады Еўропы.
Ад імя літоўскага ўрада дакумент падпісаў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс.
"Спадзяюся, што гэты цэнтр адыграе ключавую ролю ў падвышэнні дасведчанасці і ўмацаванні патэнцыялу ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закона для пабудовы ў будучыні дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі", - сказаў Ландсбэргіс.
У падпісаным дакуменце ўлічылі дамоўленасці, якія былі дасягнуты паміж кантактнай групай РЕ і прадстаўнікамі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасцю Беларусі.
Цяпер Літва старшынюе ў Камітэце міністраў РЕ, яна ўнесла добраахвотны ўклад у стварэнне цэнтра, паколькі падтрымка грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і незалежных СМІ Беларусі і іншых краін, што прыгнятаюцца аўтарытарнымі рэжымамі, — гэта доўгатэрміновы прыярытэт замежнай палітыкі Літвы.
«Гэта важны ўнёсак у нашую падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. Інфармацыйны цэнтр будзе не толькі выдаваць інфармацыю аб Радзе Еўропы і яе рабоце. Гэта знак надзеі для ўсіх тых, хто імкнецца да дэмакратычных каштоўнасцяў», - заявіў генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Берсэ.
Цэнтр будзе выдаваць беларусам інфармацыю аб рабоце, каштоўнасцях і прынцыпах Рады Еўропы, а таксама падтрымліваць мерапрыемствы, якія праводзяцца ў Літве ў адпаведнасці з планам дзеянняў, ухваленым Кантактнай групай.
Кантактная група Рады Еўропы ў супрацоўніцтве з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці была створаная ў верасні 2022 года. Яна праводзіць рэгулярныя сходы з мэтай выдачы падтрымкі і экспэртызы Рады Еўропы для ўмацавання беларускага дэмакратычнага грамадства.