Блізкія да Крамля эканамісты прадраклі шокавае падзенне вытворчасці ў Расні
5- 13.11.2024, 15:41
- 9,116
Надыходзіць хваля карпаратыўных дэфолтаў і банкруцтваў.
Расейская эканоміка можа сутыкнуцца з шокам, які будзе суправаджацца спадам вытворчасці, карпаратыўнымі банкруцтвамі і разрастаннем неплацяжоў у выніку палітыкі Цэнтрабанка, які павысіў ключавую стаўку да 21% гадавых.
Гэта вынікае з прагнозу блізкага да Крамля Цэнтра макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання (ЦМАКП), з якім пазнаёміўся РБК.
Экспэрты адзначылі, што ўжо зараз эканоміка Расеі пастаўленая перад пагрозай стагфляцыі - адначасовай стагнацыі або спаду і высокай інфляцыі. Так, да канца 2024 года дзель прадпрыемстваў апрацоўчай прамысловасці, у якіх нагрузка працэнтных плацяжоў на прыбытак знаходзіцца на рызыкоўным узроўні, павялічыцца больш як удвая год да года - да 20 адсоткаў ад агульнага выпуску апрацоўкі. "Гэта стварае высокі патэнцыял карпаратыўных дэфолтаў і банкруцтваў", – падкрэслілі ў ЦМАКП.
Таксама экспэрты далі звесткі нядаўняга апытання РСПП, паводле якога ў трэцім квартале рэзка вырасла дзель кампаній, якія сутыкнуліся з неплацяжамі з боку контрагентаў - з 22% да 37%. "Разрастанне ўзаемных неплацяжоў у эканоміцы акрамя ўдару па вытворчасці будзе весці да зніжэння празрыстасці бізнэсаў, а таксама можа выклікаць негатыўныя сацыяльныя наступствы", - адзначылі эканамісты.
Пры гэтым ЦБ не можа ўтаймаваць інфляцыю з дапамогай высокай ключавой стаўкі, паколькі істотная частка прыросту коштаў звязана з фактарамі, якія не знаходзяцца пад уплывам дынамікі попыту, а выкліканымі шокамі з боку прапановы: сезонны рост коштаў на прадукты харчавання, падвышэнне тарыфаў на паслугі, ускладненне лагістыкі і міжнародных разлікаў.
Высокая ключавая стаўка вядзе да росту не толькі адсоткавых, але і маштабных "квазіадсоткавых" выдаткаў вытворцаў і прадаўцоў - лізінгавых плацяжоў за транспарт і іншую тэхніку, платы за арэнду гандлёвых і складскіх плошчаў, пішуць эканамісты.
“Можна канстатаваць, што гэтая палітыка (грашова-крэдытная. - ТМТ) толькі абмежавана эфектыўная ў дачыненні да зніжэння інфляцыі, але нясе недапушчальна высокія рызыкі правакавання рэцэсіі і разбалансавання працэсаў узнаўлення ў рэальным сектары, асабліва ў нізкарэнтабельных сектарах і сектарах з працяглымі тэрмінамі рэалізацыі праектаў (перш за ўсё ў машынабудаванні)», - падкрэслілі ў ЦМАКП.
Для прадухілення пераходу дынамікі ВУП у адмоўную зону "ключавая стаўка ЦБ да сярэдзіны 2025 года павінна быць зніжаная прыкладна да 15-16%", адзначылі эканамісты. Пры гэтым актуальны прагноз рэгулятара прадугледжвае сярэднегадавую ключавую стаўку ў гэты перыяд на ўзроўні 17-20%.
Кіраўнік ЦБ Эльвіра Набівуліна раней, наадварот, паказвала, што падвышэнне ключавой стаўкі выключыць перадумовы для пераходу да стагфляцыі ў эканоміцы. Гэтага сцэнара "баяцца ўсе цэнтральныя банкі, і не толькі цэнтральныя банкі, і ўрад", таму ў сітуацыі перагрэву эканомікі і дэфіцыту працоўнай сілы "вельмі важнага гэтага сцэнара пазбегнуць", казала Набівуліна.