У Беларусі з продажу канфіскавалі небяспечную дзіцячую касметыку
- 13.11.2024, 18:08
- 2,396
Некаторыя інгрэдыенты могуць стаць крыніцай скурнай інфекцыі.
Падчас праверкі аднаго з міні-рынкаў у Гародні супрацоўнікі абласной інспекцыі Дзяржстандарта звярнулі ўвагу на набор дзіцячай касметыкі «Зорка вечарынкі» кітайскай вытворчасці. Высветлілася, што гэтая касметыка не адпавядае патрабаванням бяспекі, якія выстаўляюцца для падобнай прадукцыі, піша newgrodno.by.
У складзе касметыкі былі фарбавальнікі. Але ў маркіроўцы вытворца не паказаў ні азначнік колеру, ні нейкія агульнапрынятыя пазначэнні. Продаж дзіцячай касметыкі забаранілі.
«Агулам выкарыстанне такой прадукцыі можа быць спалучанае з небяспекамі. Дзіцячая скура нашмат далікатнейшая, чым скура дарослых, і некаторыя інгрэдыенты касметыкі могуць выклікаць раздражненне або нават алергічную рэакцыю, а часам стаць прычынай і скурных інфекцый», - распавялі ў абласной інспекцыі Дзяржстандарту.
Там нагадалі, што касметыка для дзяцей мусіць быць бяспечнай. Важна, каб на пакаванні была ўся неабходная інфармацыя ў зразумелым і чытэльным выглядзе аб назове, вытворцы, складзе, тэрміне прыдатнасці, правілах выкарыстання і шматлікім іншым.