У Беларусі будуць знікаць таварыствы ўласнікаў
13- 14.11.2024, 20:22
- 15,224
Праз скандальны закон.
Закон, які выклікаў бурнае абмеркаванне, абавязаў атрымліваць спецыяльныя атэстаты больш як 3000 таварыстваў уласнікаў і 7000 жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў. Праўда, з тэрмінамі выйшла накладка. І цяпер многія ТУ і ЖБСК рызыкуюць не атрымаць дакумент і знікнуць. «Люстэрка» расказвае, як чыноўнікі стварылі праблемы.
Што за закон?
Нагадаем, у 2024 годзе запрацавалі змены для таварыстваў уласнікаў. Вось што памянялася:
Адзін старшыня кіравання можа працаваць толькі ў адным таварыстве ўласнікаў.
Выканкам можа зняць з пасады старшыню «ў выпадку, калі ў таварыстве ўласнікаў адбываюцца парушэнні, а законныя патрабаванні выканкамаў не выконваюцца».
Калі жыхары за пэўны перыяд не знойдуць новага старшыню, то яго прызначаць мясцовыя ўлады.
Цяпер жыхары ТУ па-новаму павінны збіраць грошы на капрамонт. Ім трэба пералічваць гэтыя сродкі на спецыяльныя рахункі ў банках, якія адкрываюць мясцовыя ўлады.
Яшчэ на этапе праекту гэты закон выклікаў бурнае абмеркаванне. Беларусы пакінулі больш за 500 каментароў на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале (такое здараецца вельмі рэдка). Большасць выказалася крытычна да зменаў.
Яшчэ адна змена новага закона – атэстацыя для таварыстваў уласнікаў і ЖБСК, якія самастойна абслугоўваюць агульную маёмасць і не заключылі дамовы з арганізацыямі ЖКГ.
Атрымаць гэтую атэстацыю трэба да 6 студзеня 2025 года. Але, здаецца, здарылася накладка з тэрмінамі. Сам закон быў апублікаваны ў студзені 2024 года, пункты пра атэстацыю пачалі дзеянне праз паўгода – у ліпені 2024-га. Да гэтага моманту Рада міністраў мусіла патлумачыць, як атрымаць патрэбныя дакументы. Але Саўмін апублікаваў пастанову не ў ліпені, а значна пазней – толькі 24 кастрычніка.
Пры гэтым тэрміны для таварыстваў уласнікаў і ЖБСК не змянілі – ім усё яшчэ трэба паспець уладзіць усе фармальнасці з атэстацыяй да 6 студзеня 2025-га.
– Гэта азначае, што на атрыманне атэстацыі ў ТУ і ЖБСК замест шасці месяцаў засталося толькі два (святочныя дні выключаем), – тлумачыць сябра аднаго з менскіх ТУ Міхаіл (імя суразмоўцы змененае для ягонай бяспекі).
Зрабіць гэта не так проста, расказвае ён. Неабходныя для атэстацыі дакументы афармляюць усяго дзве арганізацыі. Спачатку трэба звярнуцца ў адну, потым – у другую. Заяўкі яны разглядаюць праз чарговасць падачы. Нават калі вельмі паспяшацца – можна патрапіць у велізарную чаргу, бо ў Беларусі дзейнічае блізу дзесяці тысячаў таварыстваў уласнікаў і ЖБСК.