Брытанская выведка ацаніла наступствы ўдару па караблях РФ у Каспійскім моры
1- 15.11.2024, 15:45
- 5,692
Гэта выкліча асцярогу ў Крамлі.
Украіна 6 лістапада атакавала порт Каспійск у Расеі з дапамогай дронаў. У порце знаходзілася некалькі караблёў ВМС Расеі, і, прынамсі, два фрэгаты класа “Гепард” атрымалі пашкоджанні.
Пра гэта паведамляе Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў X (Twitter).
“Ступень гэтай шкоды цяпер невядомая, аднак усе пашкоджанні суднаў, хутчэй за ўсё, будуць ліквідаваныя”, - гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначаецца ў справаздачы, расейская Каспійская флатылія, магчыма, выкарыстоўвалася для масаваных нападаў на Украіну ў 2022 годзе і працягвала выкарыстоўвацца для нападаў на працягу 2023-2024 гадоў.
Са звестак брытанскай выведкі, Украіна, магчыма, атакавала Каспійскую флатылію ў адказ на гэтыя ўдары па сваёй тэрыторыі. Аднак малаімаверна, што расейскія судны, пашкоджаныя ў выніку гэтага ўдару, выкарыстоўваліся для нанясення прамых удараў па тэрыторыі Украіны.
“Хоць бягучы тэмп аперацый у Чорным моры застаецца нізкім, атака дэманструе, што Украіна захоўвае здольнасць наносіць удары па расейскіх цэлях у раёнах, якія раней лічыліся бяспечнымі для аперацый. Перад ударам украінскі БПЛА праляцеў большую частку тэрыторыі Расеі, не будучы перахопленым. Гэта, хутчэй за ўсё, выкліча асцярогу ў расейскіх палітычных і вайсковых лідараў”, - адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.