Зяленскі: З камандай Трампа вайна ва Украіне скончыцца хутчэй
33- 15.11.2024, 19:42
- 5,418
Для Кіева важны справядлівы мір.
Пры адміністрацыі Дональда Трампа вайна ва Украіне скончыцца хутчэй, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў каментары «Суспiльному».
«Безумоўна, з палітыкай гэтай каманды, якая зараз узначаліць Белы дом, вайна скончыцца хутчэй. Гэта іх падыход, іх абяцанне свайму грамадству, і для іх гэта таксама вельмі важна», - сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што паміж ім і Трампам склалася канструктыўнае ўзаемадзеянне і ва ўкраінскага боку была магчымасць аргументавана выказаць сваю пазіцыю наконт будучага міру.
«Базіс, на якім мы стаім, ён [Трамп] пачуў. Супраць нашай пазіцыі я нічога не чуў», - падкрэсліў прэзідэнт.
Зяленскі таксама адзначыў, што «вайна скончыцца, але дакладнай даты няма».
Пры гэтым ён падкрэсліў, што для Украіны важны справядлівы мір, «каб не было адчування, што мы страцілі найлепшых дзеля несправядлівасці, якую вам навязалі».
У адказе на пытанне, ці ставіў Трамп перад Украінай патрабаванне аб удзеле ў перамовах з Расеяй, Зяленскі адказаў, што і ўкраінцы, і асабіста ён у перамовах з ЗША, і з Трампам, і з Байдэнам, і з еўрапейскімі лідарамі давялі, што «з намі рыторыка «Сядай і слухай» не працуе».