Беларус паехаў у Расею на заробкі і патрапіў у рабства
9- 15.11.2024, 20:59
- 8,616
Ён здолеў уцячы.
Магілёвец пастанавіў скіравацца ў Расею і патрапіў у рабства, паведамляе «Альтэрнатыва».
У жніўні Мікіта (імя змененае. – Заўвага. рэд.) пагадзіўся на падпрацоўку гатункавальніка ў Расеі. Мужчыну прывезлі ў Маскоўскую вобласць, сама праца была на сметніку. Мікіта апісаў антысанітарныя ўмовы побыту, суседства з блашчыцамі ды іншымі казуркамі. Расказаў, што ў агульнай колькасці там знаходзіцца блізу 40 чалавек, ва ўсіх забіраюць тэлефоны і дакументы, а саміх «супрацоўнікаў» настройваюць адзін супраць другога, каб пра жаданне кагосьці збегчы адразу ж даведвалася кіраўніцтва.
Мужчына таксама расказаў, што нават ежу і адзенне людзі вымушаныя здабываць самі, а менавіта – шукаць на сметніку.
Паводле ягоных словаў, на гэтай самай звалцы ён быў сведкам жахлівай смерці жанчыны: падчас працы яе не заўважылі і расціснулі велікагрузам. Пасля гэтага выпадку людзей пачалі пераводзіць на іншыя аб'екты і проста хаваць, баючыся праверак. Мікіту ж перавялі на працу ў Маскву, адкуль ён і здолеў уцячы і патэлефанаваць жонцы.
«Цяпер мужчына ў поўнай бяспецы, хоць і вельмі баіцца за сваё жыццё і жыццё родных. Зусім хутка мы вернемся з прадаўжэннем гэтай гісторыі, а менавіта – з вынікам праверкі гэтых месцаў», – адзначае «Альтэрнатыва».