Украіна выпраўляе на фронт свежыя ўкамплектаваныя брыгады
5- 16.11.2024, 14:21
- 10,052
Зяленскі паабяцаў, што яны спыняць наступ РФ.
Прасоўванне акупацыйнага расейскага войска на фронце неўзабаве будзе спыненае. Камандаванне Сілаў абароны Украіны рыхтуецца задзейнічаць для стрымлівання ворага свежыя сілы. Такую заяву зрабіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю «Украінскаму радыё».
Сітуацыю на фронце ён апісаў як «складаную», адзначыўшы, што войска РФ прадаўжае «прэсінг», павольна прасоўваючыся.
Праблемы на полі бою, паводле ягоных словаў, звязаныя, сярод іншага, з павольнымі пастаўкамі ўзбраення ад заходніх хаўруснікаў. Гэта перашкаджала хутка камплектаваць свежыя падраздзяленні.
«Пастаўкі некаторай зброі мы чакалі 12 месяцаў з моманту ўзгаднення Кангрэса», – удакладніў прэзідэнт Украіны. Як вынік, сёння фронт утрымліваюць воіны, якія занадта доўга ваююць, якія стаміліся і адчуваюць дэфіцыт узбраення. І пазіцыя камандавання складаецца ў тым, каб у выпадку вострай неабходнасці яны адыходзілі ў тыл, захоўваючы свае жыцці.
«Проста кінуць іх як мяса? Як расейцы? Ніхто гэтага не хоча! Таму хлопцы адыходзяць… Наша агульная пазіцыя: найперш чалавек, зямля потым», – патлумачыў Зяленскі.
Галоўная задача цяпер – гэта хутка наладзіць ратацыю. Паводле звестак прэзідэнта Украіны, за цяперашнія тэмпы наступу расейскае войска плаціць велізарны кошт. Гэта блізу 1,5–2 тыс. стратаў забітымі і параненымі за суткі. Увесь час прасоўвацца з такімі стратамі акупанты не змогуць. Выдыханне ворага ўжо відаць на пэўных кірунках.
«Цяпер, каб іх спыніць, падыдуць новыя рэзервы, укамплектаваныя брыгады, якія мы вельмі доўга чакалі», – сказаў кіраўнік Украіны.