«Прэзідэнт» Абхазіі заявіў пра гатоўнасць пайсці ў адстаўку
12- 16.11.2024, 14:40
- 11,198
Але агучыў умовы.
«Прэзідэнт» самаабвешчанай «рэспублікі» Абхазія Аслан Бжанія сустрэўся з прыхільнікамі ў сваім родным сяле Тамыш, паведамляе агенцтва «Апсныпрэс».
Бжанія заявіў, што гатовы абвясціць «выбары» ў «рэспубліцы» і падаць у адстаўку, калі пратэстоўцы пакінуць адміністрацыю «прэзідэнта» ў Сухуме. Яны прарваліся да ўрадавых будынкаў у сталіцы напярэдадні.
Бжанія дадаў, што мае намер удзельнічаць у «выбарах» у выпадку датэрміновай адстаўкі. Часовым выканаўцам абавязкаў «кіраўніка» Абхазіі на гэты час стане «віцэ-прэзідэнт» Бадра Гунба.
Прадстаўнікі апазіцыі пры гэтым не пагадзіліся з кандыдатурай Гунбы, бо «гэта ўсё ж такі чалец каманды Бжанія». Яны прапанавалі, каб «выканаўцам абавязкаў прэзідэнта» стаў «спікер парламента» Лаша Ашуба альбо кампрамісная фігура, якая задаволіла б усе бакі.
Апроч сыходу Бжанія, пратэстоўцы запатрабавалі адмовы ўладаў ад пагаднення з Расеяй, якое дае права расейскім кампаніям рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты на тэрыторыі Абхазіі.
Апазіцыя стварыла кардынацыйную раду, яе прадстаўнікі цяпер праводзяць паседжанне ў адміністрацыі «прэзідэнта» ў Сухуме, паведамляе тэлеграм-канал Respublica. Каля будынка збіраюцца пратэстоўцы.