16 лiстапада 2024, Субота, 18:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ваенна-марскі флот Ірландыі злавіў расейскае шпіёнскае судна

10
Ваенна-марскі флот Ірландыі злавіў расейскае шпіёнскае судна

Расейцы заблукалі за некалькі кіламетраў ад стратэгічных падводных кабеляў.

Ваенна-марскі флот Ірландыі быў вымушаны пад канвоем вывесці расейскае шпіёнскае судна з Ірландскага мора, па дне якога праходзяць стратэгічна важныя камунікацыйныя кабелі. Пра гэта паведамляе The Guardian.

Расейскае дапаможнае судна «Бурштын» было заўважана ў чацвер на ўсход ад Дубліна і на захад ад брытанскага ўзбярэжжа ў Ірландскім моры. У пэўны момант яно знаходзілася ўнутры выключнай эканамічнай зоны Ірландыі, за 5-7 км на поўнач ад кабеляў, якія злучаюць Ірландыю і Брытанію.

Паведамляецца, што сілы абароны Ірландыі зафіксавалі, як экіпаж расейскага карабля кіраваў трыма дронамі над ірландскімі водамі, відавочна, ведучы назіранне. Пры гэтым расейцы выключылі карабельны транспондар, які паведамляе ўсім вакол пра размяшчэнне судна. Ірландскія вайскоўцы спрабавалі ўстанавіць кантакт з расейскім суднам, але там не адказвалі.

Такія паводзіны расейцаў выклікалі непакой брытанцаў і ірландцаў, паколькі «Бурштын» класіфікуецца як дапаможнае даследчае судна з падводнымі выратавальнымі магчымасцямі. Хоць фармальна судна з'яўляецца цывільным, яно ўваходзіць у склад ВМФ Расеі і выконвае задачы расейскага Міністэрства абароны.

Паводле словаў аналітыкаў выведкі Navy Lookout, гэтае судна можа выкарыстоўваць падводныя апараты для глыбокага апускання, і яго неаднаразова бачылі паблізу аб'ектаў падводнай інфраструктуры. Аналітыкі мяркуюць, што на гэты раз місія карабля «хутчэй тычылася стратэгічнай сігналізацыі і збору выведных звестак», чым дыверсіі.

У выніку расейцы зняліся з месца стаянкі і рушылі прэч, а карабель ВМС Ірландыі LÉ James Joyce суправаджаў іх. За працэсам сачыла і ваенная авіяцыя.

Прысутнасць расейскага шпіёнскага судна выклікала новы непакой датычна бяспекі камунікацыйных кабеляў, якія пралягаюць паміж Ірландыяй і Вялікай Брытаніяй і перадаюць глабальны інтэрнэт-трафік з вялізных цэнтраў апрацоўкі звестак, якімі кіруюць тэхналагічныя кампаніі, сярод іншых Google і Microsoft, чые еўрапейскія штаб-кватэры размешчаныя ў Ірландыі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках