Апошні буйны расейскі дзяржбанк адрэжуць ад фінансавай сістэмы ЗША
3- 16.11.2024, 18:27
- 7,472
Ён патрапіў пад блакавальныя санкцыі.
Апошні з буйных дзяржаўных банкаў у Расеі, які захоўвае доступ да сістэмы SWIFT і разлікаў у асноўных сусветных валютах, стане аб'ектам новых санкцый ЗША, піша The Moscow Times.
Белы дом разглядае магчымасць уключэння ў "чорныя спісы" Газпромбанка - трэцяга па памеры актываў банка ў РФ, які з'яўляецца "хабам" для газавых разлікаў з Еўропай. Як паведамляе Nikkei са спасылкай на знаёмых з пытаннем чыноўнікаў, ГПБ можа патрапіць пад блакавальныя санкцыі: яму будуць забароненыя любыя аперацыі з амерыканскімі банкамі. Пастанова аб санкцыях будзе прынятая да канца лістапада - ЗША апавясцілі пра гэта партнёраў па G7, распавялі крыніцы выдання, сярод якіх высокапастаўленыя еўрапейскія чыноўнікі.
Газпромбанк, які на траціну належыць «Газпрому», а яшчэ на 40% - яго пенсійнаму фонду, дагэтуль не трапляў пад жорсткія заходнія абмежаванні: у ЗША яму забаронена толькі прыцягваць капітал на даўгавым рынку, хоць пад блакавальнымі санкцыямі знаходзяцца яго топ-мэнэджары і даччыная IT-кампанія. У Еўразвязе ГПБ таксама пазбег «чорных спісаў». А блакавальныя санкцыі супраць банка ўвяла толькі Вялікая Брытанія.
У выніку банк мог стаць адным з галоўных аператараў гіганцкіх запасаў валюты, якія Крэмль назапасіў за мяжой пасля таго, як актывы Цэнтральнага банка на Захадзе былі замарожаныя. На сярэдзіну 2024 года гэтыя "ценявыя рэзервы" дасягнулі $180 млрд, ацэньваў Яніс Клюге навуковы супрацоўнік нямецкага Інстытута праблем міжнароднай бяспекі. На яго думку, гэтыя грошы могуць быць скарыстаны для аплаты крытычнага імпарту або падтрымкі курсу рубля, калі сітуацыя ў расейскай эканоміцы радыкальна пагоршыцца.
Галоўны эканаміст Інстытута міжнародных фінансаў (IIF) Робін Брукс і зусім называў ГПБ "новым Цэнтрабанкам Расеі". У адрозненне ад Банка Расеі Эльвіры Набіулінай, які ліквідаваны як суб'ект сусветнай фінансавай сістэмы і можа праводзіць толькі юаневыя аперацыі, Газпрамбанк назапасіў дзясяткі мільярдаў еўраў і можа кіраваць курсам рубля. Апроч газу банк таксама выступаў адным з галоўных разліковых цэнтраў па экспарце расейскага золата.
З пачатку пачатку 2023 года ў ГПБ узніклі праблемы з аперацыямі ў далярах пасля таго, як амерыканскія JPMorgan Chase Bank і Bank of New York Mellon (BoNY) закрылі яму карэспандэнцкія рахункі. Паводле паведамлення на сайце банка, зараз яму па-ранейшаму даступны пераводы ў еўрах, а таксама ў кітайскіх юанях і казахстанскіх тэнге.
Праз некалькі гадоў пасля прыходу да ўлады Пуціна банк увёў у арбіту ўплыву найбліжэйшых сяброў прэзідэнта - Юрыя Кавальчука і Мікалая Шамалава. У банку і кантралюючых яго структурах працавалі сяейнікі Кавальчука і Шамалава і іншыя прадстаўнікі пуцінскай эліты.