Стала вядома, хто можа стаць спецпасланнікам Трампа па Украіне
1- 16.11.2024, 22:18
- 5,448
Гэта адна з самых уплывовых фігур з самага пачатку перадвыбарчай кампаніі Трампа.
Адвакат Барыс Эпштэйн, які каардынаваў абарону ў крымінальных справах Дональда Трампа, прапанаваў новаабранаму прэзідэнту ЗША сваю кандыдатуру на пасаду спецпрадстаўніка Белага дома па расейска-ўкраінскай вайне.
Аб гэтым піша выданне The New York Times са спасылкай на ўласныя крыніцы. Выданне паведаміла, што Эпштэйн нарадзіўся і вырас у РФ і не мае досведу ў замежнай палітыцы. Ён нават расказваў, што ў яго ёсць сваякі і ва Украіне, і ў РФ.
Паводле звестак крыніц, некалькі чалавек у камандзе Трампа былі шакаваныя ідэяй прызначэння Эпштэйна на такую далікатную дыпламатычную пасаду. Пры гэтым сам Трамп, паводле звестак выдання, успрыняў гэтую прапанову зацікаўлена. Ён не адпрэчыў прапанову, але і не пагадзіўся з ёй.
NYT піша, што ў камандзе Трампа няма нікога, хто зараз усумніўся б ва ўзроўні яго ўплыву. Ён хутка стаў адной з самых уплывовых фігур яшчэ з пачатку прэзідэнцкай кампаніі, нягледзячы на тое, што не адыгрываў у ёй афіцыйнай ролі. Цяпер ён сярод іншага таксама фармуе частку інфармацыі, якую атрымлівае Трамп.