Жыхары Славакіі выйшлі на вялікі пратэст супраць урада Фіцо
3- 18.11.2024, 12:20
- 3,424
Акцыя адбылася ў 35-ю гадавіну Аксамітнай рэвалюцыі.
У славацкай сталіцы Браціславе напярэдадні вечарам тысячы людзей выйшлі на пратэст супраць палітыкі ўрада на чале з Робэртам Фіцо.
Пра гэта паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на AP.
Акцыя адбылася ў 35-ю гадавіну Аксамітнай рэвалюцыі - калі Чэхаславакія паклала канец камуністычнаму кіраванню і пазней падзялілася на Чэхію і Славакію.
Пратэст аб'яднаў апазіцыю, ліберальную "Прагрэсіўную Славакію", прабізнэсавую "Свабоду і Салідарнасць", а таксама кансерватыўных Хрысціянскіх дэмакратаў.
Удзельнікі акцыі заявілі, што Фіцо нясе пагрозу для дэмакратыі.
"Урад забірае нашу свабоду і дэмакратыю", – абвяшчае надпіс на адным з плакатаў.
“Славакія была і будзе часткай заходняй цывілізацыі. Мы не хочам, каб нехта рухаў нас у бок Масквы”, – заявіў прысутным на плошчы Францішак Міклашка, які быў адным з лідараў Славакіі 1989 года.
Лідар "Свабоды і Салідарнасці" Браніслаў Грэлінг заявіў, што Фіцо вядзе краіну "да аўтарытарнага рэжыму, як у Расеі і камуністычным Кітаі".
Міхал Шымечка, старшыня “Прагрэсіўнай Славакіі”, якая зараз з'яўляецца самай папулярнай партыяй у краіне, заявіў, што апазіцыя будзе рабіць усё магчымае для абароны свабоды і дэмакратыі.
“Славакія ёсць і будзе краінай свабодных людзей. А вольныя людзі не будуць маўчаць”, - сказаў ён.