Прэзідэнт Польшчы назваў вызначальны момант у расейска-украінскай вайне
5- 18.11.2024, 15:15
- 4,578
Тэлефонныя званкі Пуціну - гэта памылка.
Дазвол ЗША Украіне выкарыстоўваць амерыканскую зброю для нанясення ўдараў па тэрыторыі Расеі можа стаць вызначальным момантам у вайне. Тэлефонныя званкі Пуціну - гэта памылка.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў каментары для reuters.
“Гэтая пастанова была вельмі неабходнай... Расея бачыць, што Украіна карыстаецца моцнай падтрымкай і што пазіцыя Захаду непахісная і рашучая. Гэта вельмі важны, патэнцыйна вызначальны момант у гэтай вайне”, - заявіў Дуда журналістам.
Ён таксама раскрытыкаваў Нямеччыну за яе заяву аб тым, што яна не будзе ўзгадняць сваю палітыку з палітыкай ЗША, і выказаў неўхваленне тэлефоннай размовы канцлера Нямеччыны Олафа Шольца з Уладзімірам Пуціным.
"Нямеччына, магчыма, шукае магчымасці, як паказвае нямецкая прэса, дасягнуць нейкага пагаднення з Расеяй, каб вярнуцца да энэргетычных кантрактаў і зноў мець магчымасць купляць энэргарэсурсы ў Расеі", - сказаў Дуда.
Ён назваў гэта памылкай на міжнародным палітычным фронце.
"Расея жорстка атакуе Украіну, а адзін з лідараў свабоднага свету, адзін з лідараў Захаду, буйная еўрапейская краіна, наймацнейшая эканоміка Еўропы, вядзе перамовы з агрэсарам", - дадаў прэзідэнт Польшчы.