«Украінская праўда»: УСУ праз левы бераг Дняпра хацелі дайсці да Крыма
2- 18.11.2024, 21:10
- 5,280
Аперацыя была пачатая ў кастрычніку летась і доўжылася блізу дзесяці месяцаў.
Мэтай аперацыі УСУ, калі ўкраінскія вайскоўцы высаджваліся на левым беразе Дняпра, сярод іншага ў сяле Крынкі, быў выхад на Крым або да Перакопскага пярэсмыка. Пра гэта «Украінскай праўдзе» паведамілі дзве інфармаваныя крыніцы – у камандаванні 36-й брыгады і ў камітэце Вярхоўнай рады абароны.
Для гэтага марскім пяхотнікам трэба было пераадолець адлегласць 80 км, якія займалі расейскія войскі. «Нам гаварылі, што трэба праламаць толькі першую лінію [абароны]», – паведаміла выданню крыніца ў камандаванні 36-й брыгады. Максімальнай задачай было дайсці да пярэсмыка, пацвердзіла крыніца ў абаронным камітэце.
Другой задачай было пашырэнне фронту пад Херсонам і адрыванне сілаў расейскіх войскаў з Данбаса і з запарожскага кірунку.
У аперацыі ўдзельнічалі марскія пяхотнікі, многія з якіх праходзілі навучанне ў Вялікай Брытаніі. Некаторыя ўскладалі на місію вялікія спадзяванні і адзначалі, што яна магла істотна змяніць ход баявых дзеянняў.
Аперацыя была распачатая ў кастрычніку летась і доўжылася блізу дзесяці месяцаў. Атрыманы напачатку загад – заняць 30-кіламетровую паласу ад Антонаўскага чыгуначнага моста да Крынак – крыніца «УП» палічыла нерэалістычнай да выканання, для гэтага трэба было «ў тры-чатыры разы больш» людзей. Акрамя таго, сказаў суразмоўца выдання, вайскоўцам не хапіла агнявой падтрымкі, лодак, сродкаў радыёэлектроннай барацьбы і прадуманай лагістыкі.
Найгоршым часам у аперацыі была зіма 2023–2024 гадоў. Апошнія вайскоўцы пакінулі левы бераг у ліпені сёлета – крыніцы кажуць, што трэба было рабіць гэта раней, ужо ў траўні сітуацыя была катастрафічнай.