З вайны дэзэртаваў цэлы полк 20-й мотастралковай дывізіі РФ
13- 19.11.2024, 9:22
- 19,070
Больш за тысячу акупантаў уцяклі з фронту.
Больш за тысячу акупантаў са складу 20-й мотастралковай дывізіі краіны-агрэсаркі Расеі дэзэртавалі з вайны супраць Украіны.
Улады расейскіх рэгіёнаў вясной 2024 года атрымалі ад камандавання 20-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі ліст з просьбай дапамагчы адшукаць вайскоўцаў, якія ўцяклі з фронту, піша выданне «Важные истории» ў аўторак, 19 лістапада.
У спісе, падрыхтаваным камандаваннем і да якога журналісты атрымалі доступ, выявілася больш за тысячу вайскоўцаў дывізіі. Сярод іх кантрактнікі, мабілізаваныя і жаўнеры тэрміновай службы.
Як адзначаюць журналісты, спіс, які апынуўся ў іх распараджэнні, «паказвае сапраўдны маштаб уцёкаў з расейскага войска падчас вайны» супраць Украіны.
«Толькі з адной дывізіі ўцякло больш за тысячу чалавек, а ўсяго ў вайне супраць Украіны ўдзельнічаюць не менш за два дзясяткі дывізій (дакладныя звесткі засакрэчаныя)», - адзначаецца ў публікацыі.
У дакуменце імёны, даты нараджэння, рангі і іншыя звесткі 858 кантрактнікаў, 150 мабілізаваных і дваіх тэрміновай службы. Сярод іх — 26 малодшых афіцэраў, маёр і два падпалкоўнікі.
Большасць акупантаў, якія самавольна пакінулі частку і чые справы даходзяць да суда, не спрабуюць хавацца і вяртаюцца жыць па месцы прапіскі.