Растоўскую вобласць РФ атакавалі дроны
1- 19.11.2024, 11:37
- 3,650
Ёсць траплянні па НПЗ і вайсковым аэрадроме.
Уначы 19 лістапада дроны атакавалі Растоўскую вобласць Расеі, прывёўшы да падрыву аўто на трасе Таганрог - Марыюпаль. Мяркуецца, што мэтай беспілотнікаў у рэгіёне маглі быць нафтаперапрацоўчы завод і аэрадром, якія ўжо неаднаразова былі атакаваныя раней.
Мясцовыя ўлады толькі часткова пацвердзілі траплянне, а агулам заявілі аб "адбіцці атакі". Пра хронікі выбухной ночы ў краіне-агрэсары распавёў дарадца мэра Марыюпаля Пётр Андрушчанка.
"З першай да трох ночы не менш за 11 дронаў рознага тыпу атакавалі Растоўскую вобласць", – сцвярджае ён.
Паводле афіцыйнай інфармацыі расейцаў і звестак з месца, зафіксавана траплянне ў Каменск-Шахцінскім (там ёсць НПЗ, які ўжо быў неаднаразова атакаваны цягам года); прылёт у Марозаўску (там размешчаны ваенны аэрадром, які таксама не раз зазнаваў напады); выбухі ў Таганрозе.
Адзначаецца, што падзенне цэлі або наступствы працы расейскай СПА прывялі да падрыву і пажару аўтамабіля на трасе, якая вядзе да Марыюпаля, недалёка ад аэрадрома базавання гелікаптэраў у Таганрозе.
"Афіцыйны Растоў часткова пацвярджае траплянне, што дадаткова паказвае на сур'ёзнасць рэальных наступстваў", – піша Андрушчанка.