УСУ ўпершыню ўдарылі ракетамі ATACMS па вайсковым аб'екце ў РФ
17- 19.11.2024, 12:14
- 17,116
Знішчаны арсенал расейскага Мінабароны ў Бранскай вобласці.
Сёння, 19 лістапада 2024 года, пасля дазволу Байдэна ўпершыню ў гісторыі УС Украіны нанеслі ўдар па вайсковым аб'екце на тэрыторыі Расеі балістычнымі ракетамі ATACMS вытворчасці ЗША.
Пра гэта са спасылкай на крыніцы Цензор.НЕТ піша галоўны рэдактар выдання Юрый Бутусаў.
Ён нагадвае паведамленне Генштаба УСУ: «Уночы 19 лістапада 2024 г. падраздзяленні Узброеных Сіл Украіны, ва ўзаемадзеянні з іншымі складнікамі Сіл абароны, нанеслі агнявую паразу па арсенале 1046 цэнтра матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ў раёне горада Карачаў Бранскай вобласці РФ. На 02.30 гэтай ноччу зафіксавана 12 другасных выбухаў і дэтанацыя ў раёне цэлі. Знішчэнне складоў з боепрыпасамі для войска расейскіх акупантаў з мэтай спынення ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны будзе працягвацца».
Бутусаў нагадвае, што раней расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін пагражаў нанесці ўдары па сілах NАТО, калі Украіна пачне наносіць удары дальнабойнай зброяй па тэрыторыі РФ.
«І вось сёння чарговыя «карычневыя лініі» Крамля парушаныя. І зараз увесь свет будзе глядзець, ці наважыцца Пуцін на нейкія дзеянні. Пачатак дальнабойных удараў па РФ не прывядзе да хуткага пералому ў вайне, але нанясе значныя страты тылавым аб'ектам расейскага войска, ускладніць манеўр і лагістыку расейскага войска ў памежных раёнах, прымусіць яшчэ больш расцягнуць сродкі СПА, вораг будзе пад прыцэлам на сотні кіламетраў углыб - адзначае Бутусаў.
Раней паведамлялася, што ўночы19 лістапада ў Бранскай вобласці быў знішчаны 67-ы арсенал ГРАУ РФ, а ў Растоўскай вобласці мясцовыя ўлады паведамілі аб нападзе беспілотнікаў. Пасля Генштаб афіцыйна пацвердзіў, што знішчаны склад боепрыпасаў у Бранскай вобласці РФ.
Нагадаем, дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн дазволіў Украіне біць дальнабойнымі ракетамі ATACMS па тэрыторыі РФ.