20 лiстапада 2024, Серада, 1:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акцыі РФ упалі на $2 млрд пасля першых удараў дальнабойнымі ракетамі ЗША

10
Акцыі РФ упалі на $2 млрд пасля першых удараў дальнабойнымі ракетамі ЗША

Падзенне стала другім у маштабах за апошнія два гады.

Рэзкая эскалацыя паміж Крамлём і Захадам і першыя ўдары дальнабойнымі ракетамі ЗША па расейскай тэрыторыі адправілі ў «крутое піке» на Маскоўскай біржы каціроўкі акцый, дзяржаўных аблігацый і курс рубля, паведамляе The Moscow Times.

Паводле вынікаў гандлю ў аўторак індэкс Масбіржы, які ўключае паперы паўсотні найбуйнейшых расейскіх кампаній, упаў на 3,32%, да 2630,5 пункта. Падзенне стала другім у маштабах за апошнія два гады і адрэзала ад капіталізацыі індэкса 179 млрд рублёў.

Індэкс РТС, які адсочвае даляравы кошт акцый, страціў амаль $2 млрд капіталізацыі, ці 3,43%. А ягонае значэнне на закрыцці гандлю – 828,38 пункта – стала самым нізкім з першага дня вайны (24 лютага 2022 года).

Акцый, якія даражэюць, на біржы практычна не засталося. На стан 20.14 мск акцыі Ашчада ўпалі на 3,3%, «Газпрама» – на 3%, «Раснафты» – на 2,9%. Паперы «Поўначсталі» абваліліся на 3,7%, «Мечэл» – на 4,1%, «Рассетак» – на 5,2%.

Афіцыйны курс даляра ад ЦБ упершыню за год перавысіў 100 рублёў, а на форэксе дабраўся да адзнакі 101,1 рубля. Індэкс RGBI, які адсочвае каціроўкі аблігацый федэральнай пазыкі, аднавіў падзенне і страціў 0,82%.

Рынак рэагуе «на ўзмацненне геапалітычных рызык», адзначае аналітык «Вялес Капіталу» Алена Кожухава. У нядзелю ЗША ўпершыню дазволілі Украіне выкарыстоўваць для ўдараў углыб Расеі ракеты ATACMS з далёкасцю 300 км, і ў ноч на аўторак першы такі ўдар адбыўся. Пад яго патрапіла ваенная база ў Бранскай вобласці. Крэмль адказаў сцвярджэннем новай ядзернай дактрыны, якая дэ-факта дазваляе нанесці ядзерны ўдар па Украіне. Згодна з дакументам, прэзідэнт РФ можа выкарыстоўваць ядзерную зброю ў адказ на атаку беспілотнікаў і ўдар крылатымі ракетамі з боку няядзернай дзяржавы, якую падтрымліваюць ядзерныя дзяржавы.

Наступствы новага вітка эскалацыі «могуць быць непрадказальнымі», кажа Кожухава. У цяперашніх умовах «перспектывы» ў расейскага рынку «не надта вясёлкавыя», мяркуе Аляксандр Патавін, галоўны аналітык «Фінама»: ЦБ прадоўжыць павышаць ключавую стаўку, сітуацыя ў знешнім гандлі пагаршаецца, а гэта цісне на курс рубля. Паводле прагнозу Патавіна, даляр можа падаражэць да 102,5 рубля. А індэкс Масбіржы можа адкаціцца да адзнакі 2500 пунктаў – самай нізкай з траўня 2023 года, чакае Кожухава.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках