24 снежня 2024, aўторак, 20:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ISW: Паўночная Карэя можа адмовіцца ад вылучэння войскаў РФ

5
ISW: Паўночная Карэя можа адмовіцца ад вылучэння войскаў РФ

Праз вялікія страты.

Задзейнічанне Расеяй войска КНДР у вайне супраць Украіны можа прывесці да высокага ўзроўню стратаў сярод паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Таму войскі азіяцкіх хаўруснікаў наўрад ці змогуць поўнасцю кампенсаваць страты асабовага складу расейцаў.

Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

У справаздачы адзначаецца, што 1 лістапада ў Маскве адбылася сустрэча міністраў замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова і Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР) Чо Сон-Хуі.

Падчас дыялогу паўночнакарэйскі бок заручыўся моцнымі гарантыямі падтрымкі Крамля на фоне разгортвання сваіх вайскоўцаў у Расеі. Таксама Чо адзначыла, што дыктатар Кім Чэн Ын даручыў падтрымліваць да перамогі «святую вайну» Расеі супраць Украіны.

У Інстытуце вывучэння вайны звярнулі ўвагу на зварот Чо да канцэпцыі «святой вайны». Аналітыкі нагадалі, што Расейская праваслаўная царква выкарыстоўвала паралельную рыторыку для апраўдання незаконнага ўварвання РФ ва Украіну як экзістэнцыйнай і цывілізацыйнай барацьбы, у якую цяпер добраахвотна ўступіла Паўночная Карэя.

Прывідная пагроза

У справаздачы ISW таксама адзначылі, што візіт Чо ў Маскву адбываецца на фоне паведамленняў пра разгортванне 8000 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці, якія неўзабаве ўступяць у бой супраць УСУ разам з расейскімі войскамі.

Міністр абароны ЗША Лойд Осцін на прэс-канферэнцыі 31 кастрычніка заявіў, што расейскія войскі навучылі паўночнакарэйскіх калегаў карыстацца артылерыйскімі сістэмамі, кіраваць беспілотнікамі і праводзіць базавыя тактычныя пяхотныя манеўры.

У той самы час, аналітыкі ISW перакананыя, што нягледзячы на прыхільнасць Пхеньяна да расейскіх намаганняў, войскі КНДР наўрад ці змогуць прапанаваць доўгатэрміновае развязанне праблемаў РФ з чалавечымі рэсурсамі.

Марныя страты

Паводле словаў Осціна, расейскія войскі нясуць больш за 1200 стратаў за дзень (ці блізу 36 тысячаў стратаў за месяц). Паводле апошніх ацэнак ЗША, набор РФ складае ад 25 да 30 тысячаў новых салдатаў за месяц, таму Расея не можа замяніць цяперашнія страты на фронце ў суадносінах 1:1. Гэта значыць, 8 тысячаў салдатаў КНДР складаюць прыкладна тыднёвую норму стратаў па ўсёй лініі фронту.

«Паколькі Паўночная Карэя накіравала ў Расею 12 тысячаў вайскоўцаў, застаецца незразумелым, як менавіта іх плануюць выкарыстоўваць. Аднак задзейнічанне салдатаў КНДР у наступальных аперацыях з высокім узроўнем знясілення, з вялікай верагоднасцю прывядзе да высокага ўзроўню стратаў», – гаворыцца ў справаздачы.

Нядаўна ў ISW ацанілі, што КНДР, верагодна, пастанавіла ўзяць удзел у вайне на баку Расеі, каб атрымаць каштоўны баявы досвед сучаснай вайны. Аднак у Інстытуце адзначылі, што тое, як расейскае камандаванне выкарыстоўвае паўночнакарэйскія войскі ў баі, паўплывае на іх здольнасць асэнсавана засвойваць і распаўсюджваць баявы досвед.

«Калі паўночнакарэйскія войскі панясуць аналагічныя расейцам страты, то ўрокі, якія Пхеньян спадзяецца атрымаць на полі бою, будуць падарваныя. І Кім Чэн Ын наўрад ці будзе прымушаць свае войскі несці такія страты на полі бою цягам доўгага часу», – канстатуюць у ISW.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках