Украіна атрымае крылатыя і балістычныя ракеты ўласнай вытворчасці
6- 2.11.2024, 12:30
- 4,808
Ужо ў 2025 годзе.
Украінскія дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы працуюць над стварэннем уласных крылатых і балістычных ракетаў, якія могуць з'явіцца ва ўкраінскіх Сілаў абароны ўжо налета.
Такі прагноз зрабіў дырэктар Дзяржаўнага прадпрыемства «Спецтэхнаэкспарт» Аляксей Пятроў. Ён адзначыў, што развіццём у гэтай сферы займаюцца як дзяржава, так і прыватны сектар, які цяпер таксама можа ўдзельнічаць у ракетнай прамысловасці. Пятроў назваў важным крокам развіццё ўласнай вытворчасці.
«Я скажу, што і дзяржава, і, нарэшце, прыватны сектар рухаюцца ў гэтым кірунку. І гэта была разумная пастанова зняць манаполію на ракетную прамысловасць. Таму я думаю, што ў нас усё ж такі будуць свае ракеты, скажам, крылатыя і балістычныя, да сярэдзіны 2025 года», – сказаў Аляксей Пятроў.
Паводле словаў дырэктара «Спецтэхнаэкспарту», ва Украіне вырабляюцца 155-мм снарады паводле стандартаў NATO, здольныя дзейнічаць на эфектыўнай дыстанцыі для барацьбы з ворагам.
Акрамя таго, украінскія дзяржаўныя прадпрыемствы імкнуцца аднавіць ці пашырыць выпуск боепрыпасаў савецкага стандарту, ад якіх пакуль не ўдалося цалкам адмовіцца. Паводле словаў Пятрова, вельмі патрэбныя снарады калібраў 152-мм і 122-мм, якія цяпер у дэфіцыце, бо актыўна выкарыстоўваюцца ў абарончых дзеяннях.