«Гэта нават не ганьба, гэта нешта горшае»
12- 2.11.2024, 13:51
- 13,066
Здарэнне з камандай Расеі ў футболе назвалі «кашмарам».
Двухразовы чэмпіён СССР у футболе Аляксандр Маставы шакаваны тым, што камандзе Расеі ў футболе трэба будзе правесці таварыскі матч з другім складам нацыянальнай каманды Брунея.
Паядынак запланаваны на 15 лістапада, а азіяты, якія займаюць 184-е месца ў сусветным рэйтынгу, не змогуць прывезці ў Краснадар аснову таму, што спартоўцы ў гэты перыяд знаходзяцца ў адпачынку, піша «Обозреватель».
«Я не ведаю, як гэта каментаваць. Гэта нават не ганьба, гэта нешта горшае, мусіць. Як каманда Расеі можа гуляць супраць такога? Гэта ж абсурд. Я ўвогуле не ведаў, што такая каманда існуе. Але цяпер высвятляецца, што ў іх ёсць некалькі камандаў. Кашмар», – заявіў былы паўабаронца каманды Расеі ў інтэрв'ю «РБ Спорт».
Пазней кіраўніца аддзела спаборніцтваў асацыяцыі футболу Брунея Эміелія Карціена заявіла, што насамрэч каманда Брунея скіруе ў Расею «сваіх найлепшых талентаў з Суперлігі».
«У Расею паедзе некалькі перспектыўных гульцоў, а 2-3 футбалісты будуць недаступныя на гэтую гульню праз асабістыя абавязальніцтвы, такія як вяселле ды іншыя тэрміновыя справы», – сказала Карціена.
У каментарах заўзятары з РФ абураюцца, да якога ўзроўню ўпала іхняя каманда.
«Пакажыце твары тых, хто заклікаў у Азію перайсці. Нават Бруней гуляць не хоча», «Праца РФС бачная. Галоўнае не якасць, а колькасць», «Проста каманда Расеі імкнецца патрапіць у кнігу рэкордаў Гінэса – якая каманда можа згуляць з максімальнай колькасцю камандаў з самага дна?» – не стрымліваюць эмоцый фанаты.