2 лiстапада 2024, Субота, 17:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хлопец простых ідэяў»: Кіеў гатовы да магчымай перамогі Трампа

7
«Хлопец простых ідэяў»: Кіеў гатовы да магчымай перамогі Трампа

Украінскія топ-чыноўнікі бачаць у гэтым некаторыя плюсы.

Некаторыя прадстаўнікі ўраду прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага за зачыненымі дзвярыма прызнаюцца, што бачаць пазітыў у магчымай перамозе Дональда Трампа на выбарах прэзідэнта ЗША, паведамляе The Washington Post са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Украінскія топ-чыноўнікі бачаць плюсы ў верагоднай перамозе Трампа, нават нягледзячы на ягоную неаднаразовую крытыку выдаткаў ЗША на ваенную падтрымку Украіны і заклікі да хуткага спынення вайны, якія могуць быць выгадныя краіне-агрэсарцы Расеі.

Афіцыйная пазіцыя ўкраінскіх уладаў, аднак, заключаецца ў тым, што Кіеў будзе працаваць з тым, каго абяруць амерыканцы ў прэзідэнты – няўхільна прытрымліваючыся прынцыповай дыпламатычнай лініі неўмяшання ва ўнутраныя справы ЗША як хаўрусніка.

Як нагадваюць у WP, у Трампа і прэзідэнта Зяленскага раней былі напружаныя стасункі. У 2019 годзе, Трамп, у бытнасць прэзідэнтам ЗША, прыпыніў ваенную дапамогу Украіне ў меркаванай спробе зрабіць ціск на прэзідэнта Зяленскага – каб той «раскапаў» кампрамат з нагоды справавых інтарэсаў ва Украіне сына Джо Байдэна – Хантэра. Гэтыя намаганні прывялі да працэдуры імпічменту Трампа ў Палаце прадстаўнікоў ЗША паводле абвінавачання ў злоўжыванні службовым становішчам і перашкаджэння працы Кангрэса. Тады Сенат Трампа апраўдаў.

Украінскія чыноўнікі аспрэчваюць ідэю, што перамога Трампа на выбарах-2024 стане катастрофай для афіцыйнага Кіева і што яны асцерагаюцца такога варыянту. У Офісе прэзідэнта Зяленскага пануе аптымізм датычна таго, што ўкраінскі лідар мог бы паўплываць на Трампа, калі б яны наладзілі асабістыя сувязі, паведамілі ў WP.

«Натуральна, [адміністрацыя Зяленскага – рэд.] больш звязаная з Трампам», – расказаў на ўмовах ананімнасці ўкраінскі чыноўнік, які працаваў ва ўрадзе прэзідэнта Зяленскага падчас першага прыходу Трампа ў Белы дом.

Як сцвярджае крыніца, Зяленскі заўсёды бачыў падабенства паміж сабой і Трампам. І гэта, на меркаванне ўкраінскага прэзідэнта, дапаможа ім пабудаваць добрыя стасункі. Бо абодва прыйшлі да ўлады з нетыповым бэкграўндам і звонку палітычнай сістэмы – Трамп быў выхадцам з бізнэс-свету, а Зяленскі быў акторам і комікам.

Прэзідэнт Зяленскі і ягоная каманда «любяць простыя ідэі», расказаў чыноўнік журналістам WP.

«А Трамп – хлопец простых ідэяў», – сцвярджае ён.

Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад рэспубліканцаў неаднаразова заяўляў, што дапаможа Украіне і Расеі дамовіцца пра хуткае спыненне вайны, калі ён пераможа на выбарах 5 лістапада, але не агучваў канкрэтных дэталяў.

У сваю чаргу ягоны напарнік на выбарах Джэй Ды Вэнс, да якога многія ўкраінскія чыноўнікі ставяцца з падазрэннем, гаварыў пра мірны план, які замарозіць цяперашнія лініі фронту, пакінуўшы вялікія часткі краіны ў руках Расеі.

Далей Трамп публічна называў прэзідэнта Зяленскага «адным з найвялікшых прадаўцоў, якіх я калі-небудзь бачыў» – намякаючы на поспехі таго ў пытанні атрымання Украінай дапамогі ад ЗША. Але Трамп пры гэтым усклаў частковую віну за расейска-ўкраінскую на прэзідэнта Украіны, заявіўшы, што той «ніколі не павінен быў дазваляць гэтай вайне пачацца».

Двое іншых украінскіх чыноўнікаў заявілі WP, што, хоць многія заявы Трампа датычна Украіны былі негатыўнымі, яны ўважаюць іх усяго толькі за частку перадвыбарнай рыторыкі, якая не абавязкова будзе суадносіцца з ягонымі дзеяннямі на пасадзе прэзідэнта ЗША ў выпадку абрання.

Акрамя таго, украінскія чыноўнікі паказваюць на дзеянні Трампа ў дачыненні да Украіны падчас ягонага прэзідэнцтва, у тым ліку першыя пастаўкі ЗША смяротнай зброі ўкраінскаму войску ў 2019 годзе. Хоць Трамп публічна хваліў Пуціна, ягоную адміністрацыю ўважалі ў Маскве за «ваяўнічую». Акрамя таго, тады Белы дом дамогся ўвядзення новых санкцый супраць Расеі.

Аднак некаторыя ўкраінскія службоўцы прызнаюць, што існуе высокі патэнцыял пагаршэння сітуацыі. І выказалі занепакоенасць тым, што Трамп будзе настойваць на тэрытарыяльных саступках Расеі з боку Украіны падчас перамоваў – супраць чаго катэгарычна выступае адміністрацыя прэзідэнта Зяленскага.

Аднак сярод прадстаўнікоў каманды Зяленскага ёсць адчуванне, што Трамп не захоча выглядаць слабым на сусветнай арэне і ў выніку можа распачаць больш катэгарычныя дзеянні ў падтрымку Украіны.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках