21 лiстапада 2024, Чацвер, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Іншай мовы Лукашэнка не разумее»

11
«Іншай мовы Лукашэнка не разумее»

У Еўрапарламенце заклікалі дамагацца вызвалення беларускіх палітвязняў праз жорсткія санкцыі.

У Еўрапейскім парламенце прайшла дыскусія пад назвай “Беларускія палітычныя зняволеныя. Шлях да свабоды коштам свабоды”. У мерапрыемстве, якое 19 лістапада прайшло ў Брусэлі, удзельнічалі дэпутаты Еўрапейскага парламента, працаўнікі Еўракамісіі, сваякі палітвязняў (чые імёны прасілі не называць у мэтах бяспекі), галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці: намеснік старшыні партыі “Народная Грамада” Яўген Вільскі, актывіст незалежнага прафсаюзнага руху Максім Пазнякоў, праваабаронца Леанід Судаленка, кіраўнік грамадскага руху “Краіна для жыцця” Віталь Савюк, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Рыгор Дзмітрук.

Як паведамляе карэспандэнт сайта Charter97.org у Брусэлі, польскі еўрадэпутат Аркадыюш Мулярчык прапанаваў дамагацца вызвалення палітвязняў, уплываючы на транзіт кітайскіх тавараў праз Беларусь, падкрэсліўшы, што для гэтага неабходна адзінства.

«Абыходжанне з беларускімі палітычнымі зняволенымі - самае жорсткае за ўвесь час, які мы калі-небудзь бачылі», - канстатаваў еўрадэпутат з Нідэрландаў Тэйс Ройтэн.

Еўрадэпутат ад Польшчы Міхал Шчэрба нагадаў аб важнасці арганізацыі юрыдычнага пераследу рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне.

Парламентарый ад Літвы Пятрас Аўштравічыус адзначыў, што колькасць выпушчаных на волю палітвязняў вельмі нязначная, у той час як адбываюцца новыя арышты.

Еўрадэпутат ад Польшчы Міхал Ваўрыкевіч падкрэсліў, што свабодная дэмакратычная Беларусь - крытычна важная для будучыні нашай агульнай Еўропы. “Адзіны спосаб перамоў з дыктатарам - гэта ўзмацненне ціску. Санкцыі павінны быць балючымі для Лукашэнкі”, - дадаў дэпутат.

Яшчэ адзін польскі парламентарый Міхал Кабоска выказаў сваю салідарнасць з беларусамі: "Мы ў Еўрапейскім парламенце не перастанем вас падтрымліваць".

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна расказала пра страшную сітуацыю з беларускімі палітвязнямі і заклікала ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі:

- Сёння нас усіх, беларусаў, спрабуюць прымусіць замаўчаць. Не толькі тых, хто жыве ўнутры краіны, але нават тых, каму ўдалося ўцячы ад палітычных пераследаў за мяжу. Унутры краіны працягваецца палітычны тэрор, развязаны пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, а супраць эмігрантаў, якія расказваюць аб злачынствах рэжыму, улады распачынаюць крымінальныя справы за "здраду дзяржаве".

Але мы не можам маўчаць. Маўчаць пра палітвязняў - гэта значыць выракаць іх на смерць. Я сама былая палітычнай зняволенай і ведаю, што ў турме галоўнае - каб пра цябе памяталі на волі. Гэта дае сілы, каб выжыць.

Сёння ў беларускіх турмах знаходзяцца тысячы палітвязняў. Вядомыя прозвішчы толькі паўтары тысячы чалавек, хаця напраўду у зняволенні могуць знаходзіцца да 10 000 вязняў сумлення. Іх блізкіх запалохваюць, яны баяцца звяртацца ў праваабарончыя арганізацыі. Днямі ў Беларусі зноў прайшлі масавыя арышты - затрымлівалі сваякоў палітвязняў нібыта за атрыманне імі дапамогі ад праваабаронцаў.

Гэта страшна, што мы не ведаем імёны ўсіх вязняў сумлення. Але страшней за ўсё, што некаторыя прозвішчы мы даведаемся тады, калі гэтыя людзі памерлі ў турме.

Літаральна два тыдні таму ў беларускай турме памёр палітвязень Дзмітрый Шлетгаўэр. Ён быў грамадзянінам Расеі нямецкага паходжання, яму было ўсяго 22 гады. Прычынай смерці маладога хлопца назвалі ўдушэнне. Сваякі кажуць, што ўчыніць суіцыд Дзмітрый не мог, нядаўна ў яго нарадзіўся сын. Не выключана, што яго маглі забіць.

Дзмітрый Шлетгаўэр стаў сёмым палітвязнем, які загінуў у беларускай турме.

Да гэтага ў турмах загінулі вядомы мастак Алесь Пушкін, актывіст Вітольд Ашурак, прадпрымальнік Аляксандр Кулініч, грамадзянскі актывіст і журналіст Ігар Леднік, IT-спецыяліст Вадзім Храсько, грамадскі дзеяч і блогер Мікалай Клімовіч, грамадскі актывіст Зміцер Дудойць.

Палітвязні паміралі не толькі ў турмах, але і падчас затрымання.

Таксама вядома, што 5 ліпеня 2023 года ў Лідскім аддзяленні міліцыі пасля затрымання нібыта ад праблем з сэрцам памёр паэт Зміцер Сарокін.

У 2021 годзе ад COVID-19 у беларускіх ізалятарах памерлі двое затрыманых паводле палітычных матываў: Алена Амеліна і Сяргей Шчацінка.

Таксама ў 2021 годзе ў Менску 17-гадовы падлетак скончыў жыццё самагубствам з прычыны пераследу за ўдзел у акцыях пратэсту. Ён выскачыў з 16-павярховага будынку.

Колькі людзей напраўду пазбавіліся жыцця пасля катаванняў у беларускіх турмах - мы не ведаем, бо не ведаем імёнаў усіх палітвязняў.

А пагроза жыццю ў беларускай турме ўзнікае пастаянна. З людзей здзекуюцца, іх катуюць, трымаюць у жахлівых умовах, не даюць лячэння і звычайнага харчавання. Сістэма беларускага ГУЛАГу спрабуе іх знішчыць фізічна і псіхалагічна.

Некаторых палітыкаў гадамі трымаюць у поўнай ізаляцыі. Самая страшная сітуацыя - з лідарам беларускай апазіцыі Мікалаем Статкевічам. Толькі ўявіце сабе: з траўня 2020 гады, гэта значыць ужо чатыры з паловай гады (!), яго ўтрымліваюць у адзіночнай камеры. І ўжо амаль два гады мы зусім нічога не ведаем пра яго: яму забароненыя сустрэчы з адвакатам і жонкай, ад яго няма званкоў і лістоў. Палітыку 69 гадоў, ён чатыры разы перахварэў у турме на ковід, у яго праблемы з сэрцам.

Для некаторых турэмны тэрмін не мае канца. Актывістцы грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Паліна-Шарэнда Панасюк, маці дваіх дзяцей, ужо тры разы падаўжалі турэмны тэрмін. Нядаўна адбыўся ўжо чацвёрты суд над ёй, і не выключана, што ў 2025 годзе яе зноў незаконна асудзяць паводле традыцыйнага артыкула "непадпарадкаванне адміністрацыі".

Для Паліны, у якой цяжкае хранічнае захворванне (панкрэатыт), гэта можа стаць смяротным прысудам. З жанчынай вельмі жорстка абыходзяцца, яна ўвесь час трапляе ў штрафныя ізалятары (месца катаванняў у турме), яе збівалі. Неабходную меддапамогу Паліне не надаюць.

Я б хацела расказаць пра ўсіх палітвязняў Беларусі, але ў мяне абмежаваны час. Скажу толькі адно: гэта сапраўдныя героі, найлепшыя людзі маёй краіны, і іх трэба ратаваць.

Выратаваць іх можна толькі, калі дзейнічаць з пазіцыі сілы. Іншай мовы дыктатар Лукашэнка не разумее. Ні ў якім разе нельга здымаць са злачыннага рэжыму эканамічныя санкцыі. Нават калі ён сёння вызваляе 30 змучаных і запалоханых палітвязняў, тут жа арыштоўвае 60 новых палітычных закладнікаў. Сутнасць дыктатарскага рэжыму не мяняецца.

Ніякіх паслабленняў рэжыму да вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення практыкі тэрору быць не павінна. Тое, што адбываецца ў беларускіх турмах - гэта злачынства супраць чалавечнасці. Рэжым Лукашэнкі грэбуе ўсімі законамі: беларускімі і міжнароднымі. Санкцыі неабходна толькі ўзмацняць, аж да поўнага спынення гандлю з рэжымам Лукашэнкі і транзіту тавараў праз тэрыторыю нашай краіны. Упэўнена, праз вельмі кароткі час пасля закрыцця межаў для тавараў рэжым пойдзе будзе адступаць і пачне вызваляць людзей з турмаў. Трэба толькі намагаць на вызваленні ўсіх, без выключэння, вязняў сумлення. Для гэтага праваабаронцы павінны атрымаць доступ да інфармацыі пра ўсіх затрыманых і асуджаных у Беларусі людзей.

Гэта не фантастычны сцэнарый, а цалкам рэальны. Для яго ажыццяўлення патрэбны: палітычная воля з боку краін Захаду, сапраўдная спагада да людзей, якія пакутуюць ад несправядлівасці, і стратэгічнае бачанне. Бо свабодная дэмакратычная Беларусь - гэта ключ да рэгіянальнай бяспекі», - заявіла галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна

Намеснік старшыні "Народнай Грамады" Яўген Вільскі нагадаў пра лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча, які правёў у турэмных засценках больш за 11 гадоў. "Беларускія палітвязні з'яўляюцца героямі нашага часу, у нас ёсць абавязак зрабіць усё, каб іх вызваліць", — зазначыў палітык і заклікаў узмацніць санкцыі супраць беларускага рэжыму. На ягоную думку, прымяненне санкцый павінна быць суразмерна рэпрэсіям у дачыненні да палітвязняў.

“Санкцыі павінны быць накіраваныя супраць дзяржаўных прадпрыемстваў, чыноўнікаў, суддзяў і прадпрымальнікаў, якія працуюць на сям'ю Лукашэнкі. Важна закрануць кампаніі, якія атрымліваюць прыбытак ад супрацоўніцтва з беларускімі папраўчымі ўстановамі, якія выкарыстоўваюць прымусовую (фактычна - рабскую) працу зняволеных. Санкцыі павінны быць наўпрост звязаныя са справамі палітычных зняволеных”, - заявіў Вільскі.

"Мы заклікаем міжнародную супольнасць пачаць працэс супраць тых, хто чыніць злачынствы супраць чалавечнасці", - дадаў палітык.

Кіраўнік грамадскага руху “Краіна для жыцця” Віталь Савюк распавёў пра сітуацыю з палітвязнем Сяргеем Ціханоўскім і заявіў, што “барацьба за вызваленне палітвязняў - грамадскі абавязак кожнага”.

Праваабаронца Леанід Судаленка распавёў пра зняволенага ў беларускай турме Нобэлеўскім лаўрэата Алеся Бяляцкага і адзначыў, што пераслед палітычных зняволеных працягваецца і пасля іх вызвалення: “Дзяржава стварае такія ўмовы, каб выштурхоўваць былых палітвязняў з краіны, якія толькі што вызваліліся”.

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Георгій Дзмітрук данёс інфармацыю пра лідара сваёй партыі, палітвязня Паўла Севярынца. І прапанаваў сваё тлумачэнне, чаму рэжым Лукашэнкі ўтрымліваецца ва ўладзе столькі гадоў: заходні realpolitik і падтрымка Расеі.

Актывіст незалежнага прафсаюзнага руху Максім Пазнякоў нагадаў, што ў 2023 годзе была прынятая рэзалюцыя Міжнароднай арганізацыі працы аб прымяненні артыкула 33 Статута МАП. «Рэзалюцыя заклікае ўсе дзяржавы-сябры МАП перагледзець усе ўзаемадачыненні з беларускім урадам: культурныя, палітычныя, эканамічныя, спартыўныя - ўсе», - падкрэсліў актывіст.

Прафсаюзны актывіст адзначыў, што, на жаль, урады чальцоў МАП ігнаруюць пастанову арганізацыі і сёння неабходна зрабіць усё магчымае, каб у дачыненні да беларускага рэжыму ўсё ж такі быў прыменены 33 артыкул Статута МАП, які прадугледжвае гандлёвае эмбарга.

Намеснік начальніка аддзела Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі ў пытаннях суседства і перамаў аб пашырэнні Уберт Дзюхот назваў асноўныя кампаненты стратэгіі ЕЗ у дачыненні да Беларусі: салідарнасць, падтрымка, санкцыі. "ЕЗ і Еўракамісія працягне заставацца салідарнымі з Беларуссю", — сказаў чыноўнік

Намеснік начальніка аддзела Еўрапейскай службы замежных дзеянняў у Грузіі, Малдове, Арменіі, Азербайджане, Беларусі Жульен Буртэмбург заявіў аб тым, што Еўразвяз не будзе прызнаваць будучыя так званыя "выбары".

“Нам трэба больш, чым словы салідарнасці. Нам патрэбны дзеянні”, - падкрэсліў дыпламат.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках