У ЗША ўпершыню правялі аперацыю падвойнай перасадкі лёгкіх з дапамогай робата
1- 21.11.2024, 20:24
- 2,158
Працэдура закончылася паспяхова.
Хірургі ў ЗША ўпершыню змаглі правесці цалкам рабатызаваную падвойную перасадку лёгкіх, паведамляе прэс-служба медыцынскага цэнтра Нью-Ёркскага ўніверсітэта (NYU Langone Health).
Месяц таму медыкі з NYU Langone Health ужо перасадзілі з дапамогай робата адно лёгкае пацыенту. А цяпер правялі такую самую аперацыю адразу на два.
Працэдура праводзілася 57-гадовай Шэрыл Меркар. Лекары яшчэ ў 2010 годзе выявілі ў жанчыны хранічную абструкцыйную хваробу лёгкіх. Такая хвароба прыводзіць да праблемаў з дыханнем. Таксама ў крыві змяншаецца канцэнтрацыя кіслароду.
У 2022 годзе жанчына перанесла каранавірус, што дало ўскладненні і ёй спатрэбілася перасадка лёгкіх.
Але прыдатнага донара знайшлі толькі нядаўна. Лекары прапанавалі пацыентцы паўдзельнічаць у эксперыменце з перасадкай з дапамогай робата. Яна пагадзілася.
Падчас аперацыі робат зрабіў два невялікія надрэзы ў вобласці паміж рэбраў жанчыны, выдаліў старыя лёгкія і замяніў іх донарскімі. Працэдура закончылася паспяхова.
Паводле словаў дацэнткі Нью-Ёркскага ўніверсітэта Стэфаніі Чанг, выкарыстанне робатаў дазваляе медыкам максімальна павысіць шанцы паспяховых аперацый перасадкі, а таксама зменшыць «негатыўныя наступствы для арганізма, якія нясе хірургія» і «знізіць вастрыню болевых адчуванняў пасля аперацыі».
«Сама магчымасць вярнуць пацыентам нармальную якасць жыцця для нас з'яўляецца вялікім гонарам», – падкрэсліла медычка.
Яна спадзяецца, што з дапамогай робатаў можна будзе выратаваць тысячы жыццяў, а таксама гэта знізіць верагоднасць далейшага развіцця постаперацыйных ускладненняў у такіх пацыентаў.