СМІ: Сын армянскага алігарха, сябра Лукашэнкі, уцёк ад следства ў Беларусі
5- 22.11.2024, 9:08
- 8,276
Ягоны адвакат назваў гэта «службовай выправай».
Нвер Царукян, сын блізкага да Аляксандра Лукашэнкі армянскага алігарха Гагіка Царукяна, уцёк ад следства на тэрыторыі Беларусі. Яго адвакат назваў гэта "службовай выправай", паведамляе выданне iravaban.net.
Следчы камітэт Арменіі хацеў прыцягнуць да адказнасці Нвера Царукяна ў сувязі з інцыдэнтам у казіно. Распачатая крымінальная справа паводле факта хуліганства і разбою, у ім фігуруюць пяць чалавек, трое затрыманыя.
Паводле інфармацыі Iravaban.net, інцыдэнт адбыўся 26 кастрычніка а 03.30 у казіно "Космас" у Ерэване. Паміж супрацоўнікамі казіно і Нверам Царукянам і яго целаахоўнікамі ўзнікла сварка, якая перарасла ў бойку, раздаліся стрэлы.
Адвакат Нвера Царукяна заявіў журналістам, што ягоны падабаронны адбыў у службовую выправу ў Беларусь.
Гэта не першая крымінальная справа, у якой фігуруе сын армянскага алігарха. У 2019 годзе былі забітыя два чалавекі і яшчэ сем атрымалі раненні. Сваякі аднаго з загінулых сцвярджалі, што Нвер Царукян быў адным з тых, хто націснуў на курок.
Гагік Царукян і Аляксандр Лукашэнка падтрымліваюць шчыльныя сувязі - Царукян называе яго "сваім сябрам". Пасольства Беларусі ў Арменіі знаходзіцца побач з асабняком Царукяна ў вёсцы Арындж на ўскраіне Ерэвана. У студзені 2024 года ў госці да Царукяна прыязджаў Віктар Лукашэнка.
Гагік Царукян - адзін з самых багатых людзей у Арменіі. Ён знаходзіцца пад следствам паводле абвінавачання ва ўчыненні шэрагу злачынстваў, уключаючы подкуп выбарцаў, незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і арганізацыю ашуканскай схемы перадачы зямлі. Ён з'яўляецца заснавальнікам партыі "Квітнеючая Арменія".