«Аперацыі «Нямеччына»: Бундэсвер рыхтуе войскі да патэнцыйнай вайны з РФ
3- 22.11.2024, 10:22
- 3,582
Агучаныя дэталі.
У Нямеччыне стартавала маштабная падрыхтоўка да патэнцыйнага канфлікту з Расеяй, які, як сцвярджаюць эксперты, можа мець на краіну больш значны ўплыў, чым вайна ва Украіне.
Пра гэта паведамляе Frankfurter Allgemeine Zeitung.
Паводле інфармацыі выдання, Узброеныя сілы Нямеччыны пачалі актыўна ўкараняць у жыццё стратэгічны дакумент пад назвай «План аперацыі «Нямеччына».
Дакумент аб'ёмам амаль 1000 старонак змяшчае дэталёвыя інструкцыі на выпадак ваенных дзеянняў. У ім пералічаныя аб'екты інфраструктуры, якія падлягаюць асаблівай абароне, а таксама прапісаныя дзеянні ва ўмовах абароны і крызісу. У выпадку напружанасці на ўсходнім флангу НАТА Нямеччына стане ключавым цэнтрам для перакідкі войск, вайсковай тэхнікі, харчавання і медыкаментаў.
Адмысловая ўвага нададзеная ролі бізнэсу. На сустрэчы ў Гамбургу падпалкоўнік Ёрн Плішке рэкамендаваў кампаніям навучаць супрацоўнікаў навыкам, якія могуць быць карысныя ў крызіснай сітуацыі, напрыклад, кіраванню грузавікамі.
«70% кіроўцаў грузавікоў у Нямеччыне – усходнія еўрапейцы. У выпадку вайны іх можа проста не апынуцца ў краіне», - адзначыў Плішке.
Бундэсвер таксама заклікае кампаніі распрацаваць планы дзеянняў на выпадак надзвычайных сітуацый, у тым ліку забеспячэнне аўтаномнага энэргазабеспячэння, напрыклад, праз дызельныя генератары. У Гамбургу праведзеныя перамовы з прадстаўнікамі гандлю, прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Такія мерапрыемствы арганізуюцца па ўсёй краіне.
Небяспекі растуць: кібератакі, шпіянаж і сабатаж
Падпалкоўнік Плішке падкрэсліў, што пагроза становіцца рэальнай ужо зараз. Ён згадаў выпадкі шпіянажу, палёты беспілотнікаў, выяўленне схованак са зброяй, а таксама спробы сабатажу і кібератак.
«Расея актыўна рыхтуецца да вайны і можа быць гатовая да новых нападаў праз 4-5 гадоў», - заявіў ён са спасылкай на звесткі спецслужбаў.
У адказ на рост рызыкі сенат Гамбурга ўзмацніў антыкрызіснае кіраванне і грамадзянскую абарону, стварыўшы 40 дадатковых пастоў. Таксама была ўведзеная ў строй трэцяя рота ўнутранай бяспекі, якая складаецца з добраахвотнікаў.
Вучэнні і планы на будучыню
У Нямеччыне ўжо прайшлі першыя супольныя вучэнні цывільных і вайсковых сіл - «Чырвоны шторм Альфа», накіраваныя на абарону партовай інфраструктуры ад сабатажу. У будучыні запланаваныя больш маштабныя вучэнні «Чырвоны шторм Брава», якія ахопяць транспартны і лагістычны сектары.
Планы бундэсвера сустрэлі падтрымку як сярод палітыкаў, так і ў бізнэсе. Кіраўніцтва Гандлёвай палаты Гамбурга адзначыла, што ўстойлівасць эканомікі адыгрывае найважнейшую ролю для цывільнай і ваеннай абароны краіны.