Вылет Аслана
4- 22.11.2024, 20:04
- 16,692
Былы "прэзідэнт" Абхазіі стартаваў у Расею.
Былы "прэзідэнт" Абхазіі Аслан Бжанія, які вымушаны пайсці ў адстаўку пасля масавых пратэстаў у "рэспубліцы", стартаваў у Расею. Паводле ягоных слоў, "паляцеў у Маскву на нейкую колькасць дзён", піша тэлеграм-канал «СерпомПО».
Выбар кірунку лагічны, улічваючы, што прычынай пратэстаў стала "інвестыцыйнае пагадненне з Расеяй", якое пуцінскія разумнікі спрабавалі прапіхнуць праз абхазскі "парламент". Адзін з назіральнікаў, паглядзеўшы тэкст, характарызаваў змест пагаднення словам “каланіяльнае”.
Гэта да пытання аб балбатні Лаўрова аб “неакаланіялізме” ў дачыненні да заходніх краін. На сябе азірніцеся, Лаўроў. Заадно агледзіце тупік з "незалежнасцю" Абхазіі 15 гадоў таму - эканамічная адсталасць. Можна параўнаць з поспехамі Грузіі за тыя ж гады.
Абхазія, як вядома, сусветнай супольнасцю не прызнаная. Але ёсць некалькі краін, якія Абхазію прызналі (чым за гэта заплаціла Расея - пытанне асобнае). Але чамусьці Аслан адправіўся не да іх, а ў Маскву. Гэта памылка. Як цудоўна, шматпалярна, шматвектарна гучала б паведамленне, што Аслан Бжанія “на нейкую колькасць дзён” паляцеў у Нікарагуа, Сірыю ці Науру.