Канада пацвердзіла перадачу Украіне абяцанай сістэмы NASAMS
5- 22.11.2024, 21:19
- 4,080
Яе кошт - $300 мільёнаў.
Сістэма супрацьпаветранай абароны NASAMS, якую Канада замовіла ў ЗША амаль два гады таму, ужо знаходзіцца на тэрыторыі Украіны.
Пра гэта падчас выступу ў парламенце Канады заявіў міністр абароны краіны Біл Блэр, паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на CBC.
Блэр пацвердзіў парламентарыям, што сістэма NASAMS, за якую Атава заплаціла амаль $300 мільёнаў, зараз у руках украінцаў.
"Я не магу даць вам больш інфармацыі аб гэтым з меркаванняў аперацыйнай бяспекі, але мы змаглі нарэшце даставіць яе - і я думаю, што гэта будзе мець вялікае значэнне, паколькі дазволіць ім абараніць людзей", - сказаў кіраўнік Мінабароны Канады.
Атава абвясціла аб планах перадаць Украіне сістэму СПА NASAMS яшчэ ў студзені 2023 года.
План палягаў у тым, што Канада аплачвае ўраду ЗША поўны кошт сістэмы, а Злучаныя Штаты ўкладаюць дамову аб продажы тэхнікі непасрэдна з Украінай.
І толькі ў пачатку лістапада прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо сказаў украінскаму прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму, што сістэма NASAMS знаходзіцца на шляху ва Украіну.
Напярэдадні стала вядома, што канадскі ўрад у праекце бюджэту на 2025 год заклаў 763 мільёны канадскіх даляраў (больш за 545 мільёнаў даляраў ЗША) на вайсковую падтрымку Украіны.