Украінскія БПЛА падарвалі НПЗ і вайсковы завод у Калузе
14- 25.11.2024, 8:07
- 14,948
(Абноўлена) пачаўся пажар.
Сілы абароны Украіны ўночы на панядзелак, 25 лістапада, ударылі беспілотнікамі па нафтабазе Калуганафтапрадукт і вайсковым заводзе Тайфун у расейскім горадзе Калуга, сведчаць звесткі маніторынгавага канала «Крымскі вецер».
На месцы ўдараў узніклі пажары. Вынікі нападаў пакуль невядомыя.
Расейскі Telegram-канал Baza піша, што ў Калузе пачаўся моцны пажар. Да гэтага былі чутныя магутныя выбухі.
Калужскі прыборабудаўнічы завод «Тайфун» займаецца распрацоўкай і вытворчасцю складанай радыёэлектроннай тэхнікі спецыяльнага і цывільнага прызначэння. Выпускае радыёлакацыйнае абсталяванне для ВМФ РФ для берагавых ракетных комплексаў.
Губернатар Калужскай вобласці Уладзіслаў Шапша пацвердзіў атаку дронаў. Ён сцвярджае, што сілы СПА нібыта «збілі» восем дронаў над рэгіёнам, абломкі патрапілі ў прамысловае прадпрыемства, пажар, з ягоных слоў, ліквідавалі.