26 лiстапада 2024, aўторак, 23:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі задумаліся пра вырошчванне бананаў

17
У Расеі задумаліся пра вырошчванне бананаў

Кошты гэтай садавіны ў РФ узляцелі на 100%.

У Расеі задумаліся пра вырошчванне бананаў на фоне амаль двухразовага росту коштаў гэтай садавіны з пачатку 2022 года, вынікае з заявы міністаркі сельскай гаспадаркі Аксаны Лут. «Я была на мінулым тыдні ў Казахстане – Казахстан пачаў вырошчваць бананы ў цяпліцах. Не ведаю, можа, мы таксама да гэтага прыйдзем», – сказала яна на міжнародным форуме Фінансавага ўніверсітэта (цытата паводле «Інтэрфакс»).

Міністарка, аднак, падкрэсліла, што пакуль для Расеі гэта не актуальна, паколькі імпарт эквадорскіх бананаў абыходзіцца танней.

Лут таксама звярнула ўвагу на неабходнасць нарошчвання экспарту перапрацаванай прадукцыі для дасягнення мэты, пастаўленай Уладзімірам Пуціным: павялічыць экспарт аграпрамысловай прадукцыі ў 1,5 разу да 2030 года ў параўнанні з узроўнем 2021 года.

Паводле звестак Расстата, кошты бананаў у Расеі з пачатку 2022 года выраслі на 96%: да канца 2022 кошт садавіны вырас на 25,5% у параўнанні з узроўнем пачатку года, у 2023 годзе рост коштаў прадоўжыўся, склаўшы ўжо 46,9% адносна ўзроўню канца года папярэдняга, а з пачатку 2024-га да 18 лістапада кошты павялічыліся яшчэ на 6,4% у параўнанні з канцом 2023 года.

Асноўны пастаўшчык бананаў у Расею – Эквадор, на дзель якога, напрыклад, у 2022 годзе прыпадала 96% расейскага імпарту ў грашовым выразе. Аднак у 2024 годзе Расея часова абмежавала пастаўкі бананаў з Эквадора, спаслаўшыся на выяўленне шкоднікаў. Гэта супала з пастановай эквадорскага прэзідэнта Даніэля Нобоа перадаць ЗША савецкую тэхніку для Украіны. Пазней Эквадор адмовіўся ад перадачы тэхнікі і абмежаванні былі знятыя.

Рост коштаў бананаў прывёў да зніжэння іх спажывання. У студзені – лютым 2024 года продажы гэтай садавіны ў Расеі ўпалі на 20% у натуральным выразе ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Падзенне попыту на бананы было ўдвая мацнейшым, чым на садавіну ў цэлым, чые продажы скараціліся ў сярэднім на 10%. Пры гэтым яблыкі, якія таксама адносяцца да папулярнай садавіны і сацыяльна значных прадуктаў, набывалі на 9% менш, чым год таму.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках