Сталі вядомыя дэталі абвінавачання ўкраінскага сябра Лукашэнкі
1- 27.11.2024, 18:40
- 4,810
Яму пагражае да 15 гадоў турмы.
15 лістапада на пастанову суда народнага дэпутата Украіны Яўгена Шаўчэнкі, які неаднаразова ездзіў у Менск перад пачаткам расейскага ваеннага ўварвання, узялі пад варту. Дэпутат будзе знаходзіцца ў следчым ізалятары як мінімум да 11 студзеня 2025 года, адзначана ў судовых пастановах, якія атрымала «Радыё Свабода». Абмежаванні могуць быць прадоўжаныя, калі дагэтуль не скончыцца дасудовае расследаванне.
Крымінальная справа супраць Яўгена Шаўчэнкі была распачатая 11 лістапада. Яму пагражае ад 12 да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасці за дзяржаўную здраду.
Справу Шаўчэнкі вядуць следчыя Дзяржаўнага бюро расследаванняў - менавіта гэтая арганізацыя ўпаўнаважаная займацца справамі, у якіх фігуруюць дзяржаўныя чыноўнікі.
Якія эпізоды згадваюцца ў справе
Як адзначаецца ў пастанове суда аб узяцці Шаўчэнкі пад варту, дэпутат імкнуўся да «ўзмацнення ўласнага палітычнага становішча ва Украіне» і «свайго матэрыяльнага ўзбагачэння» і для гэтага не пазней за 1 верасня 2020 г. пачаў дапамагаць «замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам» весці падрыўную дзейнасць супраць Украіны.
Такую дапамогу, паводле следства, ён ажыццяўляў праз сваю інфармацыйную дзейнасць, накіраваную на «прапаганду і распальванне ва ўкраінскім грамадстве антыўрадавых і прарасейскіх настрояў». Свае матэрыялы, у якіх навязвалася негатыўнае стаўленне да дзейнай украінскай улады і нейтральнае — да Расеі, ён размяшчаў у СМІ, у тым ліку беларускіх, у сацыяльных сетках і на сваім канале ў YouTube.
«У жніўні 2021 года, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, сустракаўся з прадстаўнікамі дзелавых, палітычных структур і палітычным кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь і спасылаючыся на іх распаўсюджваў ідэю адсутнасці пагрозы нападу расейскіх войск з тэрыторыі Беларусі, а таксама пераконваў беларускага прэзідэнта, што зробіць усё, каб забяспечыць мір ва Украіне», - адзначаецца ў дакуменце, які ёсць у распараджэнні «Радыё Свабода».
Пры гэтым следчыя падкрэслілі, што Яўген Шаўчэнка дакладна ведаў аб правядзенні супольных беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў на тэрыторыі Беларусі з 2021 года да 23 лютага 2022 года, «пад прыкрыццём якіх былі сфармаваныя расейскія батальённыя і ротныя тактычныя групы і атрады спецыяльнага прызначэння», якія 24 лютага 2022 г. удзельнічалі ў ваеннай агрэсіі з беларускай тэрыторыі.
«Разумеючы цесныя сувязі і ўзаемадзеянне РФ і РБ […], усведамляючы, што РФ выкарыстоўвае РБ і яе прадстаўнікоў для інфармацыйнай барацьбы супраць Украіны, Шаўчэнка Яўген здзяйсняў дзеянні, накіраваныя на паслабленне абароназдольнасці праз выкарыстанне свайго статусу народнага дэпутата Украіны шляхам распаўсюджвання ў інфармацыйнай прасторы матэрыялаў для ўкаранення ў грамадскую думку грамадзян Украіны прарасейскіх настрояў», - гаворыцца ў дакуменце.
Сярод довадаў – фільм, паказаны ў Беларусі на тэлеканале АНТ
У матэрыялах справы ў якасці доваду фігуруе фільм «Беларусь вачыма Яўгена Шаўчэнкі», які 15 студзеня 2022 года паказалі на беларускім тэлеканале АНТ. У ім, паводле слоў следчых органаў, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны распаўсюджваў інфармацыю, «накіраваную на дыскрэдытацыю ўстаноўленага ва Украіне палітычнага і эканамічнага парадку» і зацвярджэнне ў масавай свядомасці думкі аб адсутнасці ваеннай пагрозы для Украіны з боку Беларусі.
Пры гэтым, паводле следства, Яўген Шаўчэнка спрабаваў пераканаць украінцаў, што пастановы ўкраінскай улады «прадухіліць такія пагрозы» накіраваныя на тое, каб узмацніць недавер паміж украінцамі і беларусамі і выклікаць абурэнні. Дэпутат таксама называў адпаведныя дзеянні ўкраінскай улады «няправільнымі, неабгрунтаванымі і эканамічна невыгоднымі» і выступаў за неабходнасць «аднаўлення дружбы ўкраінскага і беларускага брацкіх народаў». Імаверна, маюцца на ўвазе ўведзеныя Украінай палітычныя і эканамічныя абмежаванні на палітычныя кантакты з Беларуссю пасля выбараў 2020 года і прымусовай пасадкі самалёта Ryanair.
У канцы кастрычніка і пачатку лістапада 2024 года на сваім YouTube-канале (зараз ужо заблакаваным) украінскі дэпутат размясціў яшчэ некалькі відэазапісаў. У іх ён працягваў дыскрэдытаваць украінскую ўладу, Захад, еўрапейскія каштоўнасці, заяўляў, што Захад умешваецца ва ўнутраныя справы Украіны, справакаваў вайну і спрабуе шляхам уплыву падарваць стабільнасць у Грузіі і Малдове. Са слоў Яўгена Шаўчэнкі, украінская ўлада «падпарадкоўваецца Захаду, які праводзіць каланіяльную палітыку ў дачыненні да Украіны і іншых краін», парушае права на свабоду слова і пераследуе палітычных апанентаў. Ён выступаў за вяртанне Украіны ў зону «палітычнага і эканамічнага ўплыву Расеі», каб вярнуць свае тэрыторыі.